Старонка:Як усьцерагчыся ад сыфілісу.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5. Як перадаецца зараза сыфілісу ад хворага здароваму.

Мы ўжо ведаем, што зараза сыфілісу — гэта надта дробны, нябачны простым вокам пакручасты чарвячок. Гэты чарвячок называецца мікробам сыфілісу.

Дзе-ж жыве гэты мікроб сыфілісу, дзе ён хаваецца і якім спосабам ён трапляе ў цела чалавека? Усё гэта трэба ведаць, каб захаваць сябе ад сыфілітычнай заразы.

Мікроб сыфілісу жыве толькі ў целе чалавека, хворага на сыфіліс. У вадзе, у зямлі, у паветры мікроб сыфілісу ня можа жыць.

Адгэтуль ясна, што заразіцца сыфілісам можна толькі ад хворага на сыфіліс чалавека (жывёла на сыфіліс не хварэе).

Ад хворага зараза перадаецца праз кроў, праз гной з балячкі, праз сьліну. У крыві, у сьліне хворага ёсьць мікробы сыфілісу.

І як толькі кропля крыві, гною або сьліны ад сыфілітыка трапіць на ранку або скрабінку ці на губе, ці ў роце, ці на плоцьных частках, ці на пальцы, ці на іншай частцы цела, то мікроб сыфілісу зараз-жа праз гэтую скрабінку ўваходзіць у цела здаровага чалавека.