Старонка:Як усьцерагчыся ад сыфілісу.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут ізноў кожны гаспадар дасьць раду. Ён скажа, што нельга, выходзячы на доўгі час з хаты, асабліва, калі ў хаце застаюцца малыя дзеці, пакідаць незамкнутымі сернічкі альбо пакідаць запаленую печ. Выходзячы з хаты ўвечар, нельга пакідаць з дзяцьмі лямпу на стале, а трэба прымацаваць яе высака на сьцяне, каб дзеці не маглі дастаць. І яшчэ гаспадар скажа, што нельга курыць у пуні ці ў хляве, дзе ёсьць сена і салома, што небясьпечна хадзіць у вечар аглядаць жывёлу з лучынаю ці сьвечкаю, а лепш браць ліхтар. Скажа, што нельга раскладаць вогнішча блізка ля будоўлі, бо ад іскры можа загарэцца саламяная страха. Наагул, наконт пажару кожны гаспадар дасьць багата розных радаў і раскажа шмат прыгод, з якіх ясна будзе, чаго трэба асьцерагацца, каб ня выклікаць пажару.

Чаму-ж гэта гаспадары ўмеюць параіць, як усьцерагчыся ад пажару? Да таму, што ведаюць, ад чаго найчасьцей здараюцца пажары, ведаюць прычыну, якая можа выклікаць пажар, ведаюць варункі, пры якіх лягчэй усяго можа выбухнуць пажар.

А спробуйце пытаць гаспадара, як абараніць у садзе дрэвы ад вусеню. Ён параіць вам у глыбокую восень абчысьціць скрабачкаю кару на дрэвах ад моху і лушпінак, пад якімі схованы зародкі будучых вусеняў.