Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАТЫРЫ

Адзін, другі… чатыры, як адзін,
Мігнулі яснай, зыркай бліскавіцай.
І час жыцьця — гісторык-паладзін
Ізноў чатыры новыя страніцы
Гістор‘і краю ўзад перагарнуў.

І ў нудным шэрагу яе пісьма,
Што тая ўсё-ж рука павывадзіла
Страніцы гэтыя, бы кроў-тасьма
Эпоху новую сабой адкрылі,
Якой дасюль ніхто ня бачыў і ня чуў.

Народ працоўны доўгія вякі,
Няволю няньчачы сваю і краю,
Размахам пруткім цьвёрдае рукі
На іх сваю свабоду адбівае —
Будуе жыцьця казку дзіўную, як сон.

Няхай прышлец ад будучых гадоў,
К жыцьцю свайму цярэбячы дарогу,
Даткне пагляд свой да радкоў
Ужо яму мінулага, былога
І ўгледзіць вобраз чыннасьці прашоўшых дзён.

Ён ўгледзіць ўсё, бо стануць перад ім
Агненнай, бурнай, зьлітнай чарадою.
Здарэньні тыя, што быцьцём сваім
Краіну спаўшую вялі к развою,
Да волі променнай працоўнікаў волі.