Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

153.

∗     ∗

Калі зваліў дужы Гэракл у пыл Антэя,
Як вецер валіць поўны колас да ральлі, —
Ўдыхнула моц у грудзі сына мацер Гэя,
І вось, цьвярды, як дуб, яшчэ, чым перш, сільнее,
Ён, напружыўшыся, падняўся ўраз з зямлі.

Паломаны жыцьцём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,
І бодрасьці ты ўліла ў слабеючыя жылы,
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.