Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

147.

∗     ∗

Нашых дзедаў душылі абшары лясоў,
Не давалі ім жыці праўдзівым жыцьцём,
І яны тыя пушчы звадзілі агнём,
Іх кругом падпаліўшы з далёкіх канцоў.

І пылалі па нашаму краю лясы,
Покуль сонца здалела ўсё ў ім асьвяціць;
І сьвятлей і прасторней тады стала жыць,
А на попеле буйна узрасьлі каласы.

З гэтых дзедаў суворых прыклад нам-бы ўзяць, —
Ня хіліцца з бяды, ня пужацца агня,
Бо мы толькі тады дачакаемся дня,
Калі нас не здалее змаганьне зьлякаць.