Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

142.

КРАЮ МОЙ РОДНЫ! ЯК ВЫКЛЯТЫ БОГАМ…

Краю мой родны! Як выкляты богам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты… Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сьціскаюцца грудзі! —
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі…

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.

Кінь толькі вокам да гэтага люду —
Сьцісьнецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне загубіла;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.