Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
У ЗАЧАРОВАНЫМ ЦАРСТВЕ.

O voi, ch’avete gl’intelletti sani
Mirate la dottrina, che s’asconde
Sotto’il velame degli versi strani.
Dante. Inf. IX.

91.

∗     ∗

Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго, навяваючы сум,
Быццам тысячы крэпка нацягнутых струн,
Тонкаствольныя сосны зьвіняць.

Ці казаць, ад чаго пацямнела рака,
Зашамрэлі мацней каласы,
І аб чым шэпча ім галасок вецярка,
Што зіяе-дрыжыць на лісьцёх лазьняка:
Кроплі сьлёз ці халоднай расы?