Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Во-во, пачынаецца. Добра нажлукціўся, — радасна зашаптаў Швэйкаў сусед.

— ...Цярністая пуціна грэху — гэта, ёлупы вы такія-гэткія, пуціна барацьбы з хібамі душы. Вы, блудныя сыны, гатовы скрозь валяцца ў адзіночках, абы не вярнуцца да свайго айца. Узьніміце вочы вашы на неба — і пераможаце. Спакой сыйдзе на вашыя душы, сукіны вы дзеці. Я прасіў-бы, каб там, адзаду, ня порскалі. Вы — не жарабкі і ня ў стайні, а ў храме божым. Майце гэта на ўвазе... Дык на чым гэта я быў спыніўся? Ага, наконт спасеньня душы... Памятайце, бугаі, што вы — людзі, і павінны скрозь цёмны мрок рачавістасьці пусьціць погляд у бязьмежны прастор вечнасьці і пазнаць, што ўсё тут тленнае і нядоўгавечнае і што толькі адзін бог няўмірушчы. „Sehr gut, nicht wahz, mein Herren?“[1] А калі вы думаеце, што я буду і ўдзень і ўначы за вас маліцца, каб міласэрны бог, ёлупы, удыхнуў сваю душу ў вашыя закарэлыя сэрцы і літасьцю сьвятой сваёю ачысьціў беззаконнасьць нашу, узяў вас ва ўлоньне сваё і дараваў вам, сукіным дзецям, грахі вашы, — дык вы моцна памыляецеся! Я вас уводзіць у рай і ня думаю...

Фэльдкурат ікнуў.

— І ня думаю... — упарта пераказаў ён. — Нічога ня буду дзеля вас рабіць. І пальцам ня кіўну, бо вы — непапраўныя нягоднікі. Бязьмежная літасьць найвышэйшага не павядзе вас па вашым жыцьцёвым шляху і не даткнецца да вас подыхам сьвятое любасьці, бо госпад бог і не падумае валаводзіцца з гэткімі паскуднікамі... Чуеце, што я кажу? Гэй, вы там, у сподніках!..

Дваццацера споднікаў паглядзела ўгару і ў адзін голас адказала:

— Так точна, чуем.

— Мала таго, каб чуць, — цягнуў далей сваё казаньне фэльдкурат. — У мроку, які вас абкружае, не саступіць на вас літасьць найвышэйшага, бо боская літасьць мае таксама свае межы. А ты, боўдзіла, там ня душыся, бо згніеш у мяне

  1. Дужа добра, ці праўда, панове?