Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

увабраць дзьве порцыі мяса з бабовай кашай, нажэрціся, легчы пузам на ложак, калупаць у носе ды ня думаць пра госпада бога. Што мо‘ ня праўду кажу?

Ён паглядзеў з катэдры ўніз на дваццацера белых споднікаў, якія разам з усімі іншымі забаўляліся, як маглі. У задніх радох гулялі ў „мяса“[1].

— Нішто, пацешна, — шапернуў Швэйк свайму суседу, над якім вісела падазрэньне, што ён за тры кроны адцяў свайму таварышу сякерай усе пальцы на руцэ, каб той зволіўся з вайсковае службы.

— Ці тое яшчэ будзе! — адказаў той. — Ён сёньня зноў добра надзюбаўся, значыць, зноў будзе апавядаць пра цярністую пуціну грэху.

Сапраўды, фэльдкурат быў у добрым гуморы. Сам ня ведаючы, навошта ён гэта рабіў, ён увесь час перагінаўся цераз парэнджы катэдры, рызыкуючы згубіць роўнавагу і скінуцца ўніз.

— Ну-тку, сьпейце што-небудзь хлопцы! — закрычаў ён з гары. — Ці мо‘ хочаце, я наўчу вас сьпяваць новую песеньку? Падводзьце за мной усьлед.

Ці ё ў сьвеце хто мілей
Ды за любае мае?
Хто старэй, хто маладзей —
Усе пруцца да яе.
Усе людзі, цэлы сьвет
Маёй любай шлюць прывет,
Шлюць і справа, шлюць і зьлева
Зваць яе: Марыя-дзева.

Вы, лайдакі, ніколі нічога не наўчыцёся, — казаў далей фэльдкурат. — Я за тое, каб усіх вас расстрэліць. Зразумела ўсім? Заяўляю пра гэта вам з гатага сьвятога месца, нягоднікі, бо бог ёсьць істота, якая ня будзе малімоніцца, а задасьць вам такога перцу, што небу горача стане. Бо вы ня хочаце зьвярнуцца да хрыста, а ўважаеце лепш ісьці па цярністай пуціне грэху.

  1. Арыштанцкая гульня з аплявухамі.