Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Горш яму, пане доктар, — з шчырай журбой у голасе адказала пані Мюлэр. — Уначы, як скруціў яго раматус, ён, ня тут, кажучы, пеў аўстрыйскі гімн.

Доктар Павек улічыў за неабходнае рэагаваць на гэту новую праяву Швэйкавае лёйяльнасьці ўзбольшанай дозаю брому. На трэці дзень пані Мюлер паведаміла доктару, што Швэйку яшчэ горай.

— Па абедзе, пане доктар, ён паслаў па карту ваенных дзеяньняў, а ўначы трызьніў, што Аўстрыя пераможа.

— А парашкі прымае спраўна, як прапісана?

— Яшчэ й не пасылаў па іх, пане доктар.

Выліўшы на Швэйка цэлую патоку дакораў і заявіўшы што ніколі больш ня прыдзе лячыць чалавека, які цураецца ягонага лячэньня бромам, доктар Павэк пашоў.

Заставалася яшчэ два дні да тэрміну, калі Швэйк павінен быў стаць перад прыймоваю камісіяй. За гэты час Швэйк зрабіў належную падрыхтоўку: паслаў пані Мюлер, па-першае, купіць форменную шапку, а па-другое, пазычыць у цукерніка за рогам каламашку, у якой той вывозіў падыхаць сьвежым паветрам свайго крывога дзеда. Потым успомніў, што яму канечна патрэбны кастылі. На шчасьце, цукернік захоўваў, як сямейную рэліквію, і дзедавы кастылі. Швэйку не ставала яшчэ толькі пучка красак, як носяць усе навабранцы. І пучок зрабіла яму пані Мюлер, якая дужа змарнела за гэты час і, куды-б толькі не пашла, усюды плакала.

І вось, у той векапомны дзень праскія вуліцы былі сьведкамі зварушлівага прыкладу праўдзівага патрыятызму. Старая жанчына вязла перад сабой крэсла, у якім сядзеў мужчына ў форменнай шапды з кукардай і махаў кастылём. На пінжаку ў яго красаваўся пярэсты пучок красак, як носяць усе навабранцы. Чалавек гэты, усё мацней і мацней махаючы кастылямі, крычэў на ўсю вуліцу: „Уперад, на Белград!“

За ім ішоў натоўп, які няўпынна ўзрастаў з невялічкае купкі, што сышлася была пад домам, адкуль Швэйк выехаў на вайну. Швэйк канстатаваў, што паліцыянты, якія сталі на скрыжаваньнях вуліц, казыралі яму. На Вацлаўскім пляцы натоўп вакол крэсла са Швэйкам вырас у некалькі сот чалавек,