Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў Сараеве. Гэта-ж у Босьніі... Ня йначай, як туркі гэта падстроілі. Трэба-ж было лезьці нам, адбіраць у іх Босьнію ды Гэрцагавіну... Дык вось якія справы, пані Мюлер. Эрцгэрцаг, значыць, скапуціўся. Доўга мардаваўся перад сьмерцю?

— Пан эрцгэрцаг тут-жа і асьвяжыўся, паночку. Ведама — з рэвольвэрам жарты кепскія. Нядаўна тут у нас, у Нусьлях[1] бавіўся з рэвольварам адзін пан — дык папастраляў усю сям‘ю і яшчэ швэйцара, які прышоў паглядзець, хто там страляе на чацьвертым паверсе.

— З іншага рэвольвэра, пані Мюлер, хоць трэсьні — ня стрэліш. Такіх сыстэм — гібель. Але для пана эрцгэрцага, мабыць, купілі нешта надзвычайнае. Да таго-ж я гатоў у заклад пайсьці, пані Мюлер, што чалавек, які гэта рабіў, на такі выпадак і прыбраўся як сьлед. Вядомая рэч, што страляць у пана эрцгэрцага — справа нялёгкая. Гэта ня тое, што які-небудзь валацуга падстрэліць лясьнічага. Цяжкасьць у тым — як да яго дабрацца. Да гэткага пана абшарпанцам ня пойдзеш. Трэба канечна надзець цыліндр, каб цябе перад гэтым не злапалі паліцыянты.

— Кажуць, паночку, іх там было многа.

— Гэта вядома, пані Мюлер, — пацьвердзіў Швэйк, канчаючы масаж каленаў. — Каб, прыкладам, вы захапелі забіць эрцгэрцага ці гаспадара імпэратара, вам перад гэтым не пашкодзіла б з кім-небудзь параіцца. Што галава — то розум. Адзін нарадзіць адно, другі — другое, — „і шлях адкрыт да ўдачы“, як пяецца ў нашым гімне. Галоўнае — пранюхаць, калі гэткі пан паедзе міма. Памятаеце пана Люкені, што пратнуў нашу небараку імпэратрыцу Лісавету падпілкам на шпацыры? Дык ужо, дайце веры, з тае пары ніводная імпэратрыца ня ходзіць на шпацыр. Гэта чакае яшчэ ці мала каго. Вось пабачыце, пані Мюлер, што яны дабяруцца яшчэ й да расійскага цара з царыцай, а мо‘, крый божа, і да самога нашага імпэратара, калі ўжо пачалі з ягонага дзядзькі. У яго, у старога, многа ворагаў, яшчэ больш, чымся ў Фэрдынанда. Надовечы апавядаў у шынку адзін дабрадзей: „Прыдзе час — гэтыя імпэратары па-

  1. Ускраіна Прагі.