Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скажа: „Слухайце, гэтага няможна рабіць, гэта няпрыстойна, сорам, вы-ж, культурны чалалавек“. Варта ўсё-ткі адзначыць, што там былі адны ціхія. Напрыклад, быў там адзін вынаходца, які праз увесь час калупаў у носе і толькі адзін раз за дзень выгаварваў: „Я толькі вось знайшоў электрычнасьць“. Зноў кажу, там было дужа добра. Тыя некалькі дзён, што перабыў я ў вар‘яцкім доме, былі найлепшыя дні ў маім жыцьці.

Сапраўды, ужо тое, як прынялі Швэйка ў вар‘яцкім доме, калі яго прывезьлі на дасьледваньне з краёвага крымінальнага суду, перавысіла ўсё, што ён чакаў. Перш-на-перш, яго нагола разьдзелі, надзелі яму халат і павялі купацца, інтымна падхапіўшы пад пашкі, а ў гэты час адзін санітар забаўляў яго яўрэйскімі анэкдотамі. У купальным пакоі яго пасадзілі ў ванну, потым выцягнулі адтуль і паставілі пад сьцюдзёны душ. Гэта прарабілі з ім тры разы, а пасьля запыталіся, ці дужа яму гэта ўпадабалася.

Швэйк адказаў, што лепей, чым нават у лазьні ля Карлова мосту і што ён страшэнна любіць купацца. „Калі вы абрэжаце мне кіпці і валасы, гэта будзе ўсё, што патрэбна для майго шчасьця“, — дадаў ён, міла ўсьміхаючыся. І гэтае жаданьне яго было споўнена. Потым яго спраўна адшмуравалі вехцем, завінулі ў прасьцірадла і занесьлі ў першае аддзяленьне на ложак. Там яго паклалі, накрылі коўдрай і папрасілі заснуць.

Швэйк яшчэ і цяпер з замілаваньнем апавядае:

— Уявіце сабе, мяне несьлі, несьлі да самага ложка. Я адчуваў у гэты момант найвышэйшую слодыч.

На ложку Швэйк шчасна заснуў. Потым яго ўзбудзілі і прапанавалі яму выпіць кубак малака з булачкай. Булачка была ўжо парэзана на маленькія кавалачкі, і тым часам, як адзін санітар трымаў Швэйка за абедзьве рукі, другі макаў кавалкі булачкі ў малако і карміў яго, нераўнуючы, як кормяць клёцкамі гусей. А як пакармілі, узялі пад пашкі яго і завялі ў прыбіральню, дзе яго папрасілі справіць вялікую і малую фізыолёгічныя патрэбы.