Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці ня даць вас агледзець судовым дактаром, як вы ўважаеце?

— Я мяркую, што мне ня надта ўжо і кепска, каб паны дактары марна трацілі на мяне час. Мяне ўжо аглядзеў адзін доктар у паліцэйскай управе, ці няма ў мяне трыпера.

— Ведаеце што, пан Швэйк, мы ўсё-ткі паспрабуем зьвярнуцца да судовых дактароў. Складзём невялічкую камісію, загадаем вас пасадзіць у папярэдняе ўвязьненьне, а вы тым часам як мае быць адпачніцё. Яшчэ адно запытаньне. Вы, нібы-та, паводле пратаколу, заяўлялі і пашыралі чуткі пра тое, што неўзабаве-выбухне вайна?

— Выбухне, вашаскародзьдзе, у найбліжэйшы час.

— Вы ня хворы часам на падучку?

— Прабачайце, не. Аднаго разу толькі на Карловым пляцы я ледзьве ня ўпаў, як мяне зачапіў аўтомобіль. Але гэта было ўжо даўно.

На гэтым допыт сканчыўся. Швэйк падаў судоваму сьледчаму руку і, вярнуўшыся ў сваю камеру, сказаў сваім суседзям:

— Такім чынам, мяне за забойства пана эрцгэрцага Фэрдынанда агледзяць дактары.

— Мяне гэтак сама аглядалі судовыя дактары, — сказаў дзяцюк, — як я за крадзеж дыванаў стаў перад прысяжнымі. Вызналі мяне за дуркаватага. Цяпер я прапіў малатарню, якую мне здаверылі на час, але мне нічога за гэта ня могуць зрабіць. Учора мне мой адвакат сказаў, што калі ўжо аднойчы мяне вызналі за дуркаватага, дык мне гэта прыдасца на ўсё жыцьцё.

— Я на гэтых судовых дактароў ані-ні не зьвяраюся, — зазначыў пан з інтэлігентным абліччам. — Як падрабляў я вэксалі, дык на кожны выпадак хадзіў на лекцыі профэсара Гэвэраха, і калі мяне злавілі, удаваў паралітыка акурат так, як іх апісваў нам профэсар Гэвэрах: укусіў аднаго судовага доктара за нагу, выпіў чарніла з чарнільніцы і, шануючы вашых вушэй, панове, нагадзіў у кутку перад сваёй камісіяй. Але як раз за тое, што я ўкусіў аднаго сябра камісіі за нагу, мяне вызналі зусім за здаровага, і я загінуў.