Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тах абвесткі. Лепш ужо завесьці сабаку да лупекі, раз гаспадар не дае абвесткі ў газэтах…

— Ідзіце вы спаць, Швэйк, — парэкомэндаваў паручнік. — Вы здольны несьці лухту аж да раньня, у вас гэтага ня купіць.

Сам паручнік таксама пайшоў спаць і ў гэтую ноч ён сасьніў, што Швэйк украў у насьледніка трону каня і прывёў яму, Лукашу, а насьледнік трону на парадзе пазнаў свайго каня, калі ён, няшчасны паручнік Лукаш, гарцаваў на ім перад сваёй ротай. На сьвітаньні паручнік адчуваў сябе, як пасьля гульлівае ночы, быццам яго ўчора па галаве малацілі. Яго мучылі кошмары. Зьнясілены страшным сном ён заснуў пад раньне спакойна, але яго ўзбудзіў стукат у дзьверы. У дзьвярох зьявілася дабрадушнае аблічча Швэйка, які пытаўся, а якой гадзіне пан паручнік загадае сябе ўзбудзіць. Паручнік ціха застагнаў:

— Вон, скаціна!.. Гэта проста жах!..

Ураньні як паручнік ужо ўстаў, Швэйк, прынёсшы сьнеданьне, зьдзівіў яго новым запытаньнем:

— Дазвольце запытаць, пане паручнік, ці не загадаеце падшукаць вам другога сабаку?

— Ведаеце што, Швэйк! мне вельмі карціць аддаць вас пад суд, — сказаў, уздыхнуўшы, паручнік. — Але-ж судзьдзі вас усёроўна вызваляць, бо ў жыцьці сваім, бязумоўна, ня бачылі нічога дурнейшага. Паглядзіце на сябе ў люстэрка. Ці вас ня нудзіць ад свайго ўласнага ідыёцкага выгляду! Вы — найдурнейшы з усіх вымудраў прыроды, якія я толькі бачыў. Ну, скажэце па шчырасьці, Швэйк: ці падабаецеся вы самому сабе?

— Ні ў якім разе, пане обэр-лейтэнант, не падабаюся. Я ў гэтым люстэрцы выглядаю накшталт яловае шышкі. Люстэрка дрэнна выпаліравана. У кітайца Станэка[1] было выстаўлена пукатае люстэрка. Хто ні зірне — з душы верне. Хара — во гэтак, галава — як памыйніца, пуза — як у налітага півам каноніка, адным словам — фігура. Ішоў міма генэрал-губэрнатар, зірнуў на сябе… і ў момант мусілі люстэрка прыбраць.

  1. Чыста чэскае прозьвішча.