Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны вышлі на вуліцу і паручнік Лукаш падаўся на Пршыконы[1], дзе ў яго мела адбыцца сустрэча з аднэй дамай на рагу Панскае вуліцы. Паручнік удаўся ў разважаньні аб службовых справах. Пра што яму заўтра чытаць лекцыю ў школе? Пра тое, як вызначаецца вышыня якой-небудзь гары, чаму вышыня заўсёды бярэцца ад ўзроўню мора, якім чынам ад вышыні над узроўнем мора ўстанавіць уласную вышыню гары ад верхавіны да падставы… На якое ліха вайсковае міністэрства ўводзіць гэткія рэчы ў школьную програму!? Гэта трэба толькі артылерыстам. Ды ёсьць-жа, нарэшце, карты генэральнага штабу. Калі няпрыяцель апынецца на верхавіне 312, тут не да таго ўжо будзе, каб меркаваць аб тым, чаму вышыня гэтага пункту лічыцца ад узроўню мора, а хоць вылічаць уласную вышыню гэтага пункту. Проста зірнуць на карту — і па тым…

Нездалёк ад Панскае вуліцы думкі паручніка Лукаша перарвала строгае: „Стой!“

Перад паручнікам стаяў палкоўнік Краус фон-Цыльлергут. Лукаш казырнуў і спыніўся перад палкоўнікам, выпраўдваючыся, што яго не заўважыў. Палкоўнік Краус быў вядомы паміж афіцэраў тым, што страшэнна любіў затрымліваць, калі хто не аддасьць чэсьці. Ён уважаў адданьне чэсьці за той слуп, ад якога залежыць перамога і на якім грунтуецца ўся ваенная моц Аўстрыі. „Салдат павінен укладаць у адданьне чэсьці ўсю сваю душу“, — гаварыў ён, і ў гэтым заключаўся для яго нейкі фэльдфэбельскі эстэтамістыцызм. Ён пільна сачыў за тым, каб чэсьць аддавалі па ўсіх правілах, з усімі дакладнасьцямі і падсьцерагаў кожнага, хто ішоў міма яго — ад радавога да палкоўніка. Радавых, якія наляту дакраналіся рукой да казырка, нібыццам гаворачы: „А, маё шанаваньне!“ — ён вёў сам у кашары на пакараньне. Для яго не існавала выпраўданьня: „Я ня бачыў“. „Салдат“, — казаў ён, — „павінен шукаць сярод натоўпу сваё начальства і думаць толькі аб тым, каб спраўляць свае абавязкі, прадпісаныя аму статутам. Падаючы на полі бою, ён павінен перад сьмерцю аддаць чэсьць.

  1. Вуліцы ў цэнтры Прагі.