Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі ў аўтомобіля выходзіць уся бэнзына, дык аўтомобіль мусіць спыніцца. Гэта я сам учора бачыў. І пасьля гэтага яшчэ плявузгаюць пра інэрцыю, панове! Ня едзе, стаіць, з месца ня рушыцца. Няма бэнзыны. Ну ці-ж гэта ня сьмех? Са сваёй тупасьцю палкоўнік быў надзвычайна набожны. У яго кватэры быў хатні алтар, і палкоўнік часта хадзіў на споведзь і прычасьце ў касьцёл Ігнаца, а па абвяшчэньні вайны шчыра маліўся за ўдачу аўстрыскага і нямецкага войска. Ён блытаў хрысьціянства з лятуценьнямі аб гегемоніі немцаў, якім бог павінен быў дапамагчы адабраць маемасьць і зямлю ў пераможаных. Ён шалеў, калі вычытваў у газэтах, што прывезьлі палонных.

— Навошта вазіць сюды палонных? — меркаваў ён. — Папастраляць іх усіх бяз літасьці! Скакаць сярод трупаў! А ў Сэрбіі спаліць усіх чыста, да аднаго, і вайсковых і невайсковых. Дзяцей пазакалоць штыхамі!

Адылі ёй нічым нябыў горшы за нямецкага поэта Фікордта, які пад час вайны заклікаў Нямеччыну ў сваіх вершах ненавідзець і спакойна забіваць мільёны францускіх д‘яблаў:

Няхай вышэй за гор, да самых хмар
Ляжаць людзкія косьці й мяса сьвежае дыміцца…

*

Скончыўшы заняткі ў школе вольнапісаных, паручнік Лукаш вышаў на пагулянку з Максам.

— Дазволю сабе перасьцярэгчы вас, пане обэр-лейтэнант, — рупліва сказаў Швэйк, — будзьце з сабакам асьцярожны, каб ён часам ня зьбег ад вас. Ён можа замаркоціцца па сваёй хаце і хвастом накрыцца, калі вы яго адвяжаце. Ня раю вам таксама вадзіць яго цераз Гаўлічковы пляц. Шалаецца там люты сабака з мясной крамы. Як убачыць у сваім раёне чужога сабаку, дык гатоў яго разарваць, бо з прагавітасьці свае баіцца, каб у яго часам чаго не схапілі, усёроўна як старац пад царквой сьвятога Гашчталя.

Макс весела падскокваў і цёрся ў паручніка пад нагамі, зачапіўся ланцужком за шаблю і ўсяляк выяўляў сваю радасьць, што ідзе на прагулку.