Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ад узрушэньня ён ня мог далей гаварыць — устаў, падышоў да свае жонкі і сказаў:

— Кэці, ты ў момант паедзеш са мною дамоў. Апранайся!

— Мяне ўсе гэтыя падзеі так нэрвуюць, — сказаў ён праз хвіліну, нібы выпраўдваючыся. — А раней я быў цалком разважны чалавек.

Калі яго жонка вышла ў другі пакой, ён ціха сказаў паручніку:

— Гэта яна вырабляе не ўпяршыню: летась яна паехала з адным настаўнікам, і я знайшоў яе аж у Загрэбе. Той раз я пакарыстаў выпадак і зрабіў умову з гарадзкім броварам на дастаўку шэсьцьсот мяшкоў хмелю. Дый што там казаць, поўдзень быў наогул для нас залатое дно. Наш хмель ішоў аж да Константынопаля. Цяпер мы на палавіну зьнішчаны. Калі ўрад абмяжуе вытворчасьць унутры краіны, дык гэтым ён зробіць нам апошні ўдар.

І, закурваючы прапанаваную паручнікам цыгарку, ён з роспаччу ў голасе праказаў:

— Адна толькі Варшава купляла ў нас дзьве тысячы трыста семдзесят мяшкоў хмелю. Найвялікшы бровар там Аўгустынскі. Прадстаўнік прыяжджаў да мяне штогод у госьці. Ёсьць з чаго ўпасьці ў роспач! Добра яшчэ, што ў мяне няма дзяцей!

Гэтая лёгічная выснова з факту штогоднага прыезду прадстаўніка Аўгустынскага заводу з Варшавы выклікала ў паручніка лёгкую ўсьмешку, якая мінула ўвагі гандляра хмелем. Таму гандляр улічыў за патрэбнае працягнуць сваю мову.

— Вэнгерскія бровары ў Шопроні і Вялікай Каніжы куплялі ў мяне хмель на сваё экспортнае піва, якое яны вывозілі аж да Александрыі, — прыблізна тысячу мяшкоў за год. Цяпер праз блёкаду яны ня хочуць рабіць ніякіх заказаў… Застой, галеча, заняпад, ды да ўсяго гэтага яшчэ сямейнае няпрыемнасьці!

Гандляр хмелем змоўк. Маўчаньне парушыла мадам Кэці, гатовая да ад‘езду.

— А што з маімі чамаданамі?

— Я па іх прышлю, Кэці, — сказаў заспакойваючыся гандляр хмелем, здаволены тым, што ўсё абышлося бяз ніякіх