Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыяцеля, мы перацінаем зносіны паміж яго правым крылом і паўночнай арміяй на Вісьле. Цяпер, я спадзяюся, вам ясна?

Гандляр хмелем адказаў, што цяпер яму ўсё зусім ясна, але схамянуўся, што гэта могуць зразумець, як закід, і з уласьцівай яму тактоўнасьцю перавёў гутарку.

— Наш хмель праз вайну страціў збыт за мяжу. Францыю, Англію, Расію і Балканы наш хмель цяперашнім часам згубіў. Мы адпраўляем пакуль што хмель у Італію, але баюся, што і Італія ўлезе ў гэтую справу. Але калі ўжо перамога будзе на нашым баку, дык дыктаваць цэны на продукты будзем мы!

— Італія трымае строгі нэўтралітэт, — супакойваў яго паручнік. — Гэта зусім…

— Але чаму-ж яна ня хоча прызнаваць, што яна злучана троістым саюзам з Аўстра-Вэнгрыяй і Нямеччынай? — усьцервіўся раптам гандляр хмелем, якому ўзышло на розум усё ўраз: і хмель, і жонка, і вайна. — Я меркаваў, што Італія выступіць супроць Сэрбіі. Тады вайне быў-бы ўжо канец. Хмель трухлее ў мяне на складах, заказы на пастаўку ўнутры краіны слабыя, экспорт роўны нулю, а Італія трымае нэўтралітэт. Дык на якое ліха Італія аднаўляла з намі троісты саюз? Што думае італійскі міністр замежных спраў маркіз дэ-Сан-Жульяна? Што гэты пан мае рабіць? Сьпіць ён, ці што? Ведаеце вы, які быў у мяне гадавы зварот перад вайной і які цяпер?.. Калі ласка, ня думайце, што я ня ў курсе падзей, — казаў ён далей, кінуўшы люты погляд на паручніка, які спакойна пускаў з роту пярсьцёнкі дыму адзін праз адзін. — Чаму немцы адышліся назад да сваёй мяжы, калі яны былі ўжо пад самым Парыжам? Чаму паміж Маасу і Мозэлю зноў ідуць жвавыя артылерыйскія баі? Ці вядома вам, што ў Комбр-а-Вэвр пад Маршам згарэлі тры бровары, куды мы пасылалі больш, як пяцьсот мяшкоў хмелю за год? Гартмансвэйлерскі бровар у Вогезах згарэў таксама. Вялізарны бровар у Нідэрспахі пад Мільгузамі зруйнаваны ўгрунт. Вось маеце ўжо тысячу дзьвесьце мяшкоў страты для мае фірмы за год. Шэсьць разоў біліся немцы з бэльгійцамі за тое, каму ўладаць броварам Клостэргек, — вось маеце яшчэ страты трыста пяцьдзесят мяшкоў за год.