Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

крон, аб якіх здасьцё мне потым справы. Магчыма, што яна пашле вас па што-якое: заказаць там абед, вячэру і гэтак далей. Апроч таго купіце тры бутэлькі віна і цыгаркі „Мемфіс“. Так. Болей пакуль што нічога. Можаце ісьці. Яшча раз напамінаю, што вы павінны выконваць кожнае жаданьне пані, якое толькі прачытаецца на яе твары.

Маладая дамачка ўжо страціла ўсякую надзею ўбачыць Швэйка і зьдзівілася, як угледзела, што ён выходзіць з кашар і ідзе да яе з лістом.

Швэйк казырнуў, падаў ёй ліст і далажыў:

— Паводле загаду пана паручніка, я мушу паводзіць сябе ў адносінах да вас, пані, ветла і тактоўна, служыць вам з поўнай шчырасьцю і выконваць усе вашыя жаданьні, якія толькі прачытаю на вашым твары. Загадалі вас накарміць і купіць вам усё, чаго толькі вы захочаце. На гэта я атрымаў ад паручніка сто крон, але з гэтых грошай я мушу яшчэ купіць тры бутэлькі віна і каробку цыгарак „Мемфіз“.

Як прачытала дамачка ліст, да яе вярнулася яе самаўладаньне, якое выявілася ў тым, што яна загадала Швэйку згадзіць рамізьніка і, калі гэта ён выканаў, загадала яму сесьці да фурмана на перадок. Яны паехалі дамоў. Увайшоўшы ў дом, дамачка адыграла ролю гаспадыні, як па нотах. Швэйк мусіў перанесьці чамаданы ў спальню і выбіць на дварэ дываны. Малюсенькая павучынінка за люстэркам увяла дамачку ў моцнае абурэньне.

Усё гэта паказвала на тое, што яна мае замер на ладны час акапацца на гэтых баявых позыцыях.

Швэйк пацеў. Калі ён выбіў дываны, дамачцы ўзышло на думку, што трэба зьняць і пачысьціць фіранкі. Потым Швэйк атрымаў загад памыць вокны ў пакоі і ў кухні. Пасьля гэтага дамачка зачала перастаўляць мэблю, што яна рабіла дужа нэрвова, і калі Швэйк перавалакваў усё з кута ў кут, ёй гэта не падабалася, і яна зноў комбінавала ды прымудравала новыя перастаноўкі. Яна абярнула дагары нагамі ўвесь дом, але памалу яе энергія ва ўпарадкаваньні гнязьдзечка пачала згасаць і руйнаваньне паволі сунялося.