Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чапіла таго прадмету, што запаўняў увесь яго вольны паміж кашараў, пляцу і картаў час.

Душой паручнікавае кватэры былі жанчыны. Яны зьвілі яму гнязьдзечка. Іх было колькі тузінаў, і шмат якія з іх стараліся за час свайго быцьця аздобіць яго кватэру ўсялякімі цацкамі. Адна ягоная каханка, жонка гаспадара кавярні, пражыла ў паручніка аж два тыдні, пакуль па яе ня прыехаў мужык, і вышыла паручніку за гэты час прыгожанькі абрус, парабіла азнакі на ўсёй ягонай бялізьне і скончыла-б, можа, і вышываньне дывана на сьцяну, каб яе муж ня спыніў быў гэту ідылію. Другая, па якую праз тры тыдні прыслалі бацькі, хацела зрабіць з паручнікавае спальні дамскі будуар і расставіла скрозь усялякія цацкі ды вазачкі, а над ложкам павесіла анёла-абаронцу.

Жаночая рука, якая адчувалася ўва ўсіх куточках спальні і сталовай, пранікла і на кухню, дзе можна было бачыць безьліч розных кухонных прылад, раскошны падарунак аднае закаханае жонкі фабрыканта, якая апроч свайго палу, унесла ў дом машынку, што сякуць капусту, прыладу кроіць хлеб, машынку церці пячонку, каструлі, бляхі, патэльні, чыгуны і нямаведама што яшчэ. Адылі праз тыдзень яна пашла ад паручніка, бо ня здолела пагадзіцца з думкаю, што апроч яе ў Лукаша ёсьць яшчэ блізка што дваццаць іншых каханак, што наклала пэўныя сьляды на працавітасьць гэтага чыстакроўнага бугая ў мундзіры.

Паручнік Лукаш вёў шырокую корэспондэнцыю, завёў альбом фотографій сваіх палюбоўніц і колекцыю розных рэліквій, бо апошнім часам стаў выяўляць нахіл да фэтышызму. У яго было колькі розных дамскіх падвязак, чацьвёра прыгожых вышываных нагавічак, тры празрыстыя найтанчэйшыя дамскія кашулькі, батыставыя сукенкі, колькі панчох і, нарэшце, гарсэт.

— Сёньня я на службе, — сказаў паручнік Швэйку, — і прыду дахаты позна. Упарадкуйце ўсю кватэру. Апошні мой дзяншчык за сваю няздатнасьць выправіўся сёньня з маршавай ротай на позыцыі.