Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

далёка пойдзе. Ну, усё-роўна, як у спаборніцтве на хадзьбу: ці толькі пачнеш улягацца ды бегчы, ураз сыходзіш з кола. Гэта з маім стрэчным братам прытрапілася. Сумленнага чалавека ўсюды шануюць, паважаюць, ён сам сабой здаволены і адчувае сябе ўсёроўна, як новароджаны, калі, кладучыся спаць, можа сказаць: „Сёньня я зноў быў сумленны“.

Паручнік даўно ўжо сядзеў на крэсьле і, гледзячы на Швэйкавы боты, думаў:

„Божухна-бацюхна! Гэта-ж я і сам часьцяком нясу гэткую лухту. Адно розьніца ў форме, у якой гэта я падаю“.

Адылі, каб ня зьніжаць свайго аўторытэту, ён сказаў:

— У мяне вы павінны хадзіць у гляжаваных ботах, трымаць мундзір у парадку і каб усе гузікі былі ўшыты. Вы павінны рабіць уражаньне салдата, а ня цывільнага разьзявы. Гэта проста дзіва, да чаго ніхто з вяс ня здольны трымаць сябе па-вайсковаму. З усіх маіх дзяншчыкоў толькі ў аднаго быў баявы выгляд, дык і той, канцы з канцамі, украў у мяне парадны мундзір ды прадаў яго ў яўрэйскім квартале.

Потым паручнік пералічыў Швэйку ўсе яго абавязкі, асабліва націскаючы на тое, што Швэйк павінен быць годны давер‘я і нідзе не лапатаць аб тым, што дзеецца ў хаце.

— У мяне бываюць дамы, — падкрэсьліў ён. — Часамі іншыя каторыя астаюцца начаваць, калі мне нятрэба назаўтрага ісьці на службу. У гэткіх выпадках вы будзеце прыносіць нам каву ў ложак, але не раней, чымся я пазваню. Зразумелі?

— Дазвольце далажыць, зразумеў, пане паручнік! Каб я ўлез, не папытаўшыся, у пакой, дык магчыма, што іншай даме гэта-б здалося няёмкім. Я сам аднойчы прывёў да сябе дамоў паненку, а мая чалядніца прынесла нам каву ў ложак акурат тады, як мы з ёй вельмі міла забаўляліся. Чалядніца з перапуду ашпарыла мне каваю ўсю сьпіну, ды яшчэ і сказала: „З добрым раньнем!“ Я ўжо ведаю, як і што мае быць у тых выпадках, калі начуюць дамы.

— Вельмі добра. З дамамі мы мусім быць заўсёды тактоўныя, — сказаў паручнік, упадаючы ў добры настрой, бо гутарка