Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цёл. А ксёндз, думаючы, што сьвятакрадца прыцягнулі да яго душэўныя згрызоты, паслаў па старасту, а стараста па жандараў, і селянін быў бязьвінна асуджаны за сьвятакрадзтва, бо ён на судзе праз увесь час тлуміў пра цуда. Зямляк хацеў абязьвініцца і ўсё апавядаў пра нейкага анёла, уляпіў туды і матку-боску, а канцы-канцамі — запёрлі яго на дзесяць год. Лепш за ўсё, калі вы пойдзеце з намі да тутэйшага ксяндза і пасобіце нам дастаць назад скарбовую маемасьць. Палявы паходны алтар — гэта вам ня кот і не анучка, якую каму-хаця можаш падараваць.

Стары, апранаючыся, калаціўся ўсім целам. У яго зуб на зуб ня лучыў.

— Далібог, у мяне нічога благога ня было і ў падумцы. Я думаў, што гэтым боскім дарам здолею дапамагчы аздабленьню нашага беднага храма маткі-боскай на Вршовіцах.

— Разумеецца, за скарбовы кошт? — перапыніў яго Швэйк. Шчыра дзякую за гэткі боскі дар! Адзін такі Півонька з Хатэбершы неяк таксама ўлічыў быў за боскі дар чужую вяроўку разам з чужой каровай…

Няшчасны дзед ад гэткіх параўнаньняў зьбянтэжыўся і зусім перастаў абараняцца, сьпяшаючыся апрануцца і як найхутчэй скончыць гэтую справу.

Вршовіцкі ксёндз яшчэ спаў і, калі яго разбудзілі, грукаючы ў дзьверы, ён пачаў лаяцца, бо спрасоньня падумаў, што яго клічуць на парахвію.

— Дыхнуць не дадуць з гэтымі трэбамі! — бурчэў ён, неахвотна апранаючыся. — Прысьпела ім канечна памерці акурат у той момант, як самы сон у чалавека, а пасьля таргуйся з імі, каб заплацілі.

У пярэднім пакоі адбылася сустрэча паміж прадстаўніком бога сярод Вршовіцкіх парахвіян і прадстаўніком бога пры ваенным ведамсьцьве. Па-праўдзе казаць, гэта была спрэчка цывільнага з вайсковым. У той час, як цывільны ксёндз намагаўся на тое, што паходнаму алтару ня месца ў канапе, вайсковы ксёндз супярэчыў, што яму і пагатове ня месца з канапы трапіць у рызьніцу касьцёла, які наведваюць адны цывільныя.