Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўладаў іхняй канапай. Фэльдкурат паказаў нязвычайную далікатнасьць: ушчыкнуў гандлярову жонку за шчаку і паласкатаў яе пад барадою.

Фэльдкурат і Швэйк ішлі да самых Вршовіц пеша, бо фэльдкурат заявіў, што яму трэба прайсьціся падыхаць сьвежым паветрам, каб прасьвяжыцца.

У Вршовіцах, на кватэры ў настаўніка, старога набожнага чалавека, іх напаткала прыкрая неспадзяванка. Калі стары, купіўшы канапу, знайшоў у ёй паходны алтар, ён падумаў што гэта боскае цуда і падараваў алтар Вршовіцкаму касьцёлу ў рызьніцу, выразаўшы на тыльнай старане алтара надпіс:

„Дар на хвалу госпада бога настаўніка Коларжыка ў лета ад нараджэньня хрыстова 1914 г.“

Настаўнік, якога засьпелі ў аднэй бялізьне, зусім зьбянтэжыўся. З гутаркі з ім высьветлілася, што ён сваёй знойдзе надаваў значнасьць цуда і бачыў у ёй боскі промысел. Як купіў ён канапу, нейкі нутраны голас яму праказаў: „Зірні ці няма чаго ў шуфлядзе ў канапе?“

А ў сьне зьявіўся да яго анёл і загадаў яму: „Адчыні шуфляду ў канапе!“ Настаўнік паслухаўся. І калі ён убачыў там мініятурны складаны алтар з нішай для дарахранільніцы, ён укленчыў перад канапай і доўга горача маліўся, услаўляючы бога. Настаўнік бачыў у гэтым найвышэйшае прызначэньне і ахвяраваўся аздобіць гэтым алтаром Вршовіцкі касьцёл.

— Гэта нас мала абыходзіць, — заявіў фэльдкурат. — Рэч, якая вам не належала, вы павінны былі аддаць у паліцыю, а ня ў нейкую праклятую рызьніцу!

— Каб часам вы з гэтым цудам ня прыдбалі якіх няпрыемнасьцяй, — дадаў Швэйк. — Вы купілі толькі канапу, але ні ў якім разе не алтар, які ёсьць вайсковая маемасьць. Гэты боскі промысел можа дорага вам каштаваць. Няма чаго было вам зважаць на анёлаў. Адзін мой зямляк з Згоржа вось гэтак сама араў дый знайшоў на ральлі чашу для прычасьця, якую нейкі бязбожнік украў і закапаў да лепшага часу ў зямлю, пакуль не забудуцца на крадзеж. Зямляк мой таксама ўбачыў тут боскі промысел і замест таго, каб ператапіць чашу, панёс яе да ксяндза, мяркуючы, як ён казаў, ахвяраваць яе на кась-