Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шафе з адзежай не завялася моль. А тым паненкам, што сьпяць на маім ложку, шчырае прывітаньне…

Швэйк зазірнуў таксама і ў шынок „Каля чары“. Убачыўшы яго, Паліўцова жонка заявіла, што не нальле яму піва, бо ён, напэўна, дэзэртыр.

— Мой чалавек, — завяла яна старую гісторыю, — быў такі асьцярожны; і сядзіць, небарака, няма ведама за што. А гэткія людзі ходзяць па волі ды яшчэ ўцякаюць з вайсковае службы. Пра вас ужо на тым тыдні зноў пыталіся… Мы сьцеражлівейшыя за вас, — скончыла яна сваю прамову; дый нажылі ўсё-такі бяду. Ці ўсім-жа гэтак шанцуе, як вам.

Сьведкай гэтае гутаркі быў паджылы чалавек, сьлёсар са Сьміхава. Ён падышоў да Швэйка і сказаў:

— Будзьце ласкавы, пачакайце мяне на вуліцы, мне трэба з вамі пагутарыць.

На вуліцы ён разгаманіўся з Швэйкам, улічаючы яго паводле шынкарчынае рэкомэндацыі за дэзэртыра. Ён паведаміў Швэйку, што ў яго ёсьць сын, які таксама ўцёк з вайсковае службы і цяпер перабывае ў бабулькі, у Ясені, каля Йозэфова. Не зважаючы на Швэйкавы ўгаворы, што ён зусім не дэзэртыр, сьлёсар уціснуў яму ў руку дзесяць крон.

— Гэта вам на першы абыход знадабіцца, — сказаў ён, цягнучы Швэйка за сабой у віньніцу на рагу, — я вам цалкам спачуваю, і мяне вам няма чаго баяцца.

Швэйк вярнуўся дахаты позна ўначы. Фэльдкурата яшчэ ня было дома. Ён прышоў толькі пад раньне, узбудзіў Швэйка і сказаў:

— Заўтра паедзем адпраўляць палявую імшу. Заварыце чорнае кавы з ромам... Ці мо‘, яшчэ лепш, згатуйце грог.

РАЗЬДЗЕЛ XI
ШВЭЙК З ФЭЛЬДКУРАТАМ ЕДУЦЬ АДПРАЎЛЯЦЬ ПАЛЯВУЮ ІМШУ

Падрыхтоўка да выпраўленьня людзей на той свет чынілася заўсёды імем бога ці іншае найвышэйшае істоты, створанае людзкай фантазіяй. Старажытныя фінікійцы перш, чымся перарэзаць палоннаму горла, адпраўлялі ўрачыстае набажэн-