Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як унук на яловай жалейцы,
Пралюлюкае лёс за нішто!“

„Увесь пот, каб іх няньчылі голых,
На кішку прапускаюць яны!!
Сабяруць галадранцаў вясёлых
І ядуць з верашчакай бліны!“

„А каб грошы гарусьціў мой Янка,
Гэта-ж — фэ! — грош мазоліць яго!
Гэткіх дзетак хай спаліць маланка!“ —
І дзед плюнуў ад сэрца ўсяго.

XI

Азірнуўся дзядок на дзядзінец,
Кінуў вокам на сьвіран стары:
„Прызапасілі новы гасьцінец,
Загавееш душой без пары?“

„Дзе прапала сякера з-пад ліпы?
Трэба латаць стары частакол!“ —
І ад дзедава гнеўнага крыку
Разьляцеліся куры вакол.

„Дзе прапала сякера? гэй, чэрці!“ —
І пайшоў на дрывотнік шукаць.
„Кожны дзень ад іх можна памерці,
Каб іх зыбала чортава маць!“

І ён поркаўся ў трэсках, у кучах,
І рукамі гальлішча капаў,
І сапеў на сьмяцьці, на анучах,
Нібы скарб тут багаты шукаў.

Вось знайшоў ён сякеру нарэшце
І давай яе пільна глядзець:
Ці сядзіць таварышча на месцы,
Ці ня выскачыў клін, як шальмец.

Вастрыню пазурамі прабуе
І ківае сівой галавой,
На дзядзінец увесь ён гвалтуе:
„Гэта-ж проста загуба, разбой!“

„Крымінал! дзе прапалі вы, людзі?
Гэй, сюды, акаянцы! сюды!