Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзеўку я прывёў адну…
— Ці-ж адну? Ах ты, гультаю!
— Спадабае пан, я знаю!
Уцяклі ўсе. Дай, пан, веры. —
I старэнькі — шмыг за дзьверы.
А дзяўчынка сьлёзы льле.
Пан бярэцца за яе…
— Дык чаго-ж ты так баішся? —
Кажа пан, — ты пакажыся!
Я агледжу бяз прынукі,
Замест воч — я маю рукі.
Ацаню красу тваю.
Палюблю ці праганю. —
Прыцягнуў і — мац рукою.
— Пан, зьлітуйся нада мною…
— Бач, які твой галасочак:
Ён зьвініць, як той званочак!
Валасы твае, як пух,
Словам, стараста мой — зух!
Шчочкі гладкі — маладая.
Тварык — жар, то кроў жывая,
Мабыць, вельмі чырванееш?
Во халодная — бляднееш.
Губкі пухлыя маўчаць,
Грудкі поўныя дрыжаць…
Пан ёй гладзіць рукі, плечы,
Штось балмоча недарэчы,
А яна глядзіць на бельмы
Злой, агіднай, дзікай шэльмы,
І бязьмерны, сьмертны страх
Адбіваецца ў вачах:
Пад схаванай панскай грозьбай
Скамянелі яе просьбы.
— Бач, як гнецца стан дзяўчыны,
Ўся трасецца, як асіна…
Аб зубок стучыць зубок,
Ты ня бойся, лебядок!
З галавы да ног агледжу
Я рукамі, як належа.
Ой, панок, хай будзе досыць, —
На каленях шэпча-просіць.
— Ты чыё, дзіця маё?
— Дочка старасты твайго.
— То няпраўда! — кажа хтосьці, —
То няпраўда, ягамосьце!