Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чорнарызьнікі над намі
Шуткавалі, жартавалі,
Нашу цемру вартавалі.
Гулка бомкалі званы.
Ці ня хлусілі яны?
Мо‘ усё выдумкі і глумы?
Так старэнькі думаў думу.
А нябёсныя пустоты
Давадзілі да маркоты…
Дзед пусьціўся нацянькі,
Дзе луналі аганькі.
Нібы страхі-чорнарысы,
Нібы кнігі-летапісы,
Хаткі нізкія цямнелі,
Вокны дробныя мігцелі.
Пад нагой квахтала гаць.
Дзед пачаў дзяўчат зьбіраць…
„Гэй, на згон-прыгон да пана!
Пабалюеце да рана!
Хто шкадуе сваю цноту,
Дык бізун паддасьць ахвоты!
Падбярэце, дзеўкі, хор
І да пана сыпце у двор!
У сьвяточных у намітках,
У суконных новых сьвітках,
У гарсэціках, каралях
Трэба быць на панскіх балях.
Гэй, у двор на згон-прыгон!“
У вадказ ён чуе стогн,
Ён ідзе ад хаты ў хату.
Крык і плач. Усе дзяўчаты
Ў хмызьнякі пауцякалі,
Іх бацькі тайком схавалі.
Шмат страхоцьця, шмат жуды.
Дзе ратунак ад бяды?..

III

У палацах пан сярдзіты.
У атласе ўвесь абвіты,
Нецярплівы, чагось хоча,
Ўверх глядзяць сьляпыя вочы,
Што ад бельмаў йшчэ страшней —
То ня пан глядзіць, а зьмей.
А музыкі ў гулкай залі
Ладзяць скрыпкі і цымбалы.