— Няўжо-ж ён ня чуе? — падумалася Данілу, і ён прыбавіў кроку.
Падышоў.
Навокала сумны зялёны ельнік. Па зямлі, як аксаміт, блішчэў сьветла зялёны мох; здавалася, ён пераліваўся адценьнямі. Па ім жоўтыя іголачкі парассыпаны. Дзе-ня-дзе чорныя шышкі ў зямлю паўрасталі, а дзе і траўка бледная рэдзенька павыбівалася на сьвет.
Скарына сядзеў на абросшым зялёным мохам пні, абхапіўшы голаў рукамі.
На зямлі перад ім ляжала яго шапка і некалькі паймаў яго сьветларусых валасоў.
Вочы бяссэнсна глядзелі кудысьці ў даль…
Калі падышоў да яго Даніла, ён нават і галавы не крануў.
— Доктар! — абазваў яго Даніла, — доктар, вы тут?!.
Скарына маўчаў і не парушаўся,
— Юры Лукіч!?? — ужо трывожна ўскрыкнуў Даніла.
Скарына ўноў не варухнуў ні адным членам;
— Юры Лукіч! — паўтарыў напалохана Даніла і тармазнуў яго за плячо.
Скарына не варушыўся.
Даніла ўпаў да яго ног і заплакаў горка і ніўцешиа, як дзіця.
Скарына не крануўся: ён нічога ня чуў і ня бачыў, ён быў у якімсьці акамяненьні…
— Ах ты, Лявоніха, туды тваю…
Не хадзі маёй капусты ламаць!.. — хтосьці гаркнуў ублізку грубым голасам, падобным хутчэй да рыканьня, чымсі да сьпеву.
Скарына страпянуўся… Даніла ўсхапіўся на ногі, адступіўся ў бок і прыпёрся плячыма да бліжэйшай елі.
— …Ня мытую мне кашулю дала!.. ых!... ых!.. ха-ха-ха! — усё пяяў той-жа самы голас.
Скарына ўзьняўся з пня, хіснуўся ў бокі ўноў зваліўся на тое самае месца, дзе сядзеў.
— Хто гэта?! — ускрыкнуў ён разьдзіраючым нутро: голасам і ніўцешна заплакаў.
Даніла стаяў над ім, увесь трасучыся, ня ведаючы што рабіць, нібы вінаваты ў чым…
Хвілін цераз пяць у беразе лесу паказалася п‘яная постаць царкоўнага старасты Грыгора.
— Во хто!.. во ён! — здаўленым ад болю і гневу голасам крыкнуў Скарына, падняўся на ногі і накіраваўся да Грыгора.
Апошні з момант паглядзеў п‘янымі аслупянеўшымі вачы-