лагчыны — ўсе закрылася дымам, як аграмаднай таўшчэзнай коўдрай. Роем зорак сыпаліся іскры, рэзалі цемру дыму, фігурна віліся ў гарачым паветры, цалаваліся з апошнімі зорамі неба, зьляталі наўкось уніз і гасьлі…
Чуць-чутна дзесьці вылі сабакі, раўла канаючая жывёла.
— Хіба пайсьці назад? — надумалася раптам Скарыне, — трэба дапамагчы каму-небудзь?
Супыніўся і павярнуў к гораду.
Цераз хвіліну ўноў супыніў я, павярнуў назад і пашоў, хістаючыся, як п‘яны, да бліжэйшага пярэляску.
VII.
Даніла бег у канцы вуліцы, захліпаючыся ад сьлёз і чуць перастаўляючы ногі. Больш трох гадзін ужо шукаў ён доктара Скарыну, дзе толькі ня быў, у каго толькі ня пытаўся, але адшукаць ніяк ня мог.
Хацеў стрымацца як-небудзь ад плачу, але нейкі балючы неадвязны жаль агарнуў яго сэрца, заціснуў яго, як у клешчы, і давіў бязжаласна, самі сабою падступалі к горлу сьлёзы…
— Чаго ты плачаш, чалавеча? — спытала ў яго пажылая жанчына, якая стаяла каля варот аднаго дому.
— А-а-ах! — ўсхліпнуў ён, — няма чалавека, згінуў дзесьці.
— Якога чалавека?.. мо‘?..
— Доктара няма, Скарыны…
— Нядаўна тут ішоў якійсьці поп?.. але я ня ведаю…
— У доўгай у чорнай вопратцы?! — радасна спытаўся Даніла.
— Але-ж… Я-ж кажу… Як поп… ішоў і пайшоў вэнь туды, у той бок, — адказала жанчына, паказаўшы ў бок лесу рукою.
— Туды?!. Дзякую шаноўная! — крыкнуў Даніла і проста пабег, куды паказала жанчына.
— Доктар! — крыкнуў ён яшчэ здалёк, заўважаўшы ў беразе лесу чорную фігуру, — доктар!..
Спаткнуўся і далавах упаў назем. Войстры боль праскочыў па ўсім целе і тупа заныў у косьцях… Чуць узьняўся на ногі ўноў. У цяглях нылі жылы. Дробнай дрыгвоткай задрыжэлі калені. Пад сэрцам стала млосна.
— Што цяпер будзе? — з болем думка мільгнула, — і доктар, відаць, засумаваў?..
Слабым, няўпэўненым крокам пашоў у напрамку чорнай фігуры, якая ўвесь час сядзела нярухома.