ў Лібіным ваччу, як лёгкія цьмяныя цені. Яна не заўважала і Пятруся, пакуль той не падышоў да яе і не запытаў:
— Можа хочаце адпачыць, Ліба Шлёмаўна?
— Не-э, не!.. Я нікуды не пайду-у ад яго!.. Я яго не пакіну ні на кога, нікому!..
Пятрусь перадаў Лібу сястры, і выйшаў з больніцы, нясучы ў нутры сваім сумную навіну радаснага дня.
Ён пераходзіў больнічны двор, калі яму перагарадзілі дарогу пара чалавек з насілкамі. У адгоне некалькіх крокаў, ціха стогнучы, сьпяшыла якаясьці жанчына.
Яна ня сьціхла плакаць, пакуль за насілкамі не схавалася ў дзьвярах нізкага безаконнага будынку.
Пятрусь, як заварожаны, стаяў нейкі час сярод дзядзінца, пасьля крута сарваўся з месца і выйшаў на вуліцу…
Насустрач яму з-пад Мікалаеўскага мосту стройнымі шэрагамі накіроўваўся да дзяржаўнай Думы флёцкі экіпаж.
Чорныя бясконцыя шарэнгі матросаў цьвёрдай уверанай хадою адбівалі перамогу рэволюцыі.
На верках Петрапаўлаўкі гойдаўся чырвоны сьцяг.
І вакол-вакол, як зловіць вуха, жывым непарыўным ланцугом гучэла рэзвае, вясёлае, урачыстае:
— Гура-а-а-а! Гу-ра-а-а-а-а-а-р!
А ў гэты час насустрач яму з белых сьцен больніцы, дзе ляжаў мёртвы Рыгор, выплывалі новыя радасныя гукі новага стварэньня, прыйшоўшага ў сьвет на зьмену Рыгору.
Чэрвень, 9–1929 г.