У яе між вушэй праляцела дбайлівае запытаньне Рыгора:
— Ты не стамілася, Ліба?
І калі яго рука легла на Лібіным плячы, яна адказала:
— Як мы шчасьлівы сёньня, Рыгор!..
Узьезд на Біржавы мост спыніў далейшую гутарку. Шырокае поле Нявы і Неўкі адцягнула на сябе іхнюю ўвагу.
Раптам Ліба ўгледзела, як дзесятак бліскучых штыкоў з грузавіка накіравала на Дварцовую Ўзьбярэжную. У момант, адзін за другім, бліснулі агенчыкамі над белым сьнегам біл два гучных залпы.
Голая і пустая Ўзьбярэжная маўчала — у сьценах Зімніх палацаў стаяла рэштка вернага цару войска.
— Далоў самадзяржаўе! — выгукнуў Лібін сусед.
І звонкі пераліўчаты вокліч аддаўся рэхам на Неўскім прасторы.
Ён яшчэ не даляцеў да сьцен многалікіх палацаў па той бок Нявы, ня стукнуўся ў вяковыя сьцены крэпасных валаў, як новая засада гарадавікоў пераняла грузавік.
— Наперад! — пачулася з некалькіх вуснаў і змоўкла ў гулкай траскатні перастрэлкі.
Ліба ня ўсьпела вызваліць руку, каб узьняць апушчаны ў сумятні сьцяг, як пачула моцны штуршок у плечы.
— Асьцярожлівей, таварышы!.. — праказала яна, і тут-жа балюча, галасьліва працягнула:
— Рыго-а-ар! Рыго-арка-а!.. Што-а ты, мілы мой!.. Рыго-а-ар!
У Пятрусёвых абоймах з заплюшчанымі вачмі ляжаў акрываўлены Рыгор. Зьбітая з галавы шапка чорнаю кропкаю тырчэла на срабрыстым сьнягу пры бліскучых трамвайных рэйках. Яркае сонца залаціла яго гладкапрычэсаныя валасы. На правай скроні чырвонай гвяздою ляжала смугла-сіняя па краёх і чорна-чырвоная ў асяродку крывавая рана…
Ні Пятрусь, ні Ліба не заўважылі, як сьціхла перастрэлка, і крануў з месца грузавік…
Ліба выйшла з няпрытомнасьці толькі тады, калі яе ўвялі ў цёплае, белае і ціхае памяшканьне больніцы. Сеўшы на пададзеным ёй белым драбінчатым крэсьле, яна бязмоўна глядзела ў пасінеўшы Рыгораў твар, яшчэ нядаўна гэткі румяны і жыцьцярады. Двох чалавек, што ўвіхаліся каля яго, варушыліся