Іх уваход раптам сарваў з месца Рыгора і Камара, якія ў пярэймах апынуліся каля нябожчыка і адзін за другім палажылі на яго халодным ілбе два гарачых пацалункі…
Сьледам асьцярожлівы тупат служыцеляў, што выносілі Артура з палаты, патануў у зьяднаным разьвітальным уздыху сотні раненых.
Вырваўшыся з белых сьцен палаты, ён зьліўся ва ўходных дзьвярах лазарэту з зычлівым роспачным плачам Артуравай жонкі.
Маладзіца разьнятымі рукамі перагарадзіла служыцелям дарогу, галосячы:
— Мой мілы, Арту-у-р мой, дарагі-ы… Я-ж чакала цябе ў госьці-ы, як сонца ўвосень, як…
Яе плач ды прычытаньні чуліся далёка па-за будынкамі лазарэту, зьліваючыся з вострым затоеным жалем у Рыгоравым, Камаровым ды Лібіным нутры.
IV
— ГЭТА НУМАР кватэры пятнаццаць?
Той, што пільна ўглядаўся ў шэрую клямку над дзьвярыма адвярнуўся да пытаўшага.
— Або разьбярэш!
— Пазванеце…
— Я ўжо хацеў, але не абмацаць званка…
— Дазвольце-э толькі…
Падышоўшы каўзануў рукою па правым вушаку:
— Няўжо жывуць без званка?
— А то-ж непраменна ён кожнаму?
Падышоўшы зацікаўлена паглядзеў на суседа і запытаў:
— А вы-ж да каго?
— Да Рыгора Нязвычнага. Ды ці тут ён?
— Да Рыгора?! Мы як згаварыліся.
Знадворны выгляд востра адрозьніваў абодвых, што кожнага цішком інтрыгавала.
— Трэба стукаць! — парадзіў той, што прышоў першым.
Але яго рада не дачакалася ажыцьцяўленьня. Зьнянацку стукнула зашчапка дзьвярэй і на парозе адзначыўся чырвоны крыж на белым фоне грудзей.