на інцыдэнт. Яна няўверана, вінаватаю глядзела Рыгору ў вочы і ня ведала, што яму адказаць.
Гэта яе згубленасьць заставіла Рыгора перамяніць зьдзіўленую міну на ласкавы выраз твару, а далейшую гутарку — на пантомімны паказ Лібінай цыдулькі.
— Даруй, ведаю гэта, — адпіхнула яна Рыгораву руку: — Зараз не да гэтага: мы вось прыбеглі ў контору, каб выклікаць цябе з заводу. Сёньня зранку прывезьлі ў лазарэт напаўжывога Артура Цьвібеля…
— Артура?!
Рыгор падаўся тулавам да Лібы, і раптам наноў выпрастаўся, калі Камар хапіў яго за руку.
— Давай пасьпяшымо наверх… Хутка скончыцца тэрмін наведак.
— Сапраўды, Артур?! — перапытаў усхвалявана Рыгор.
Ні Ліба, ні Камар не пасьпелі пацьвердзіць паведамленьня — іх звала прыбегшая сястра падняцца ў палату да раненага.
— Ранены вас настойна просіць да сябе…
Рыгор першым пабег па стромых усходах, пакінуўшы далёка пазадзе і Камара і Лібу.
Ён ужо набліжаўся да абступленай лазарэтным пэрсаналам койкі, калі ў яго ваччу мільганулі плаўныя спакойныя ўзмахі ордынатарскіх рук, а ў вушах прашапацела зацяжнае:
— Га-а-то-а-ва-а!
Гэта спыніла Рыгора ў трох кроках ад памершага Артура.
Тут яго нагналі Камар і Ліба.
— Сто-ойце-э! — спакойліва, мэрам-бы баючыся нарушыць урачыстасьць Артуравага пераходу ў нябыцьцё, праказаў Рыгор.
Камар застыў у зьдзіўлена-роспачнай позе, гледзячы ашклянелымі вачмі ўсьцяж вузкага прагалу між койкамі; з Лібінага ваччу выхілястымі рагамі ацякалі буйныя сьлязіны.
Сястра і фэльчар, абое маладыя, з нясышоўшаю ўхмылкаю са сьвежых твараў, увіхаліся каля пасінеўшага твару нябожчыка.
На суседніх койках хворыя ўталоплена сачылі за кожным рухам усё яшчэ ня выйшаўшага з палаты ордынатара.
Яшчэ цішэй, калі можна ацішыць цішу, зрабілася ў палаце лазарэту, калі з дзьвярэй увайшло пара служыцеляў з белымі насілкамі…