Лёгкі скрып ложка зьліўся з стукам дзьвярэй.
— Вы будзеце есьці курыны бульён?
Ліба абярнулася ў зьдзіўлены пытальнік, але гаспадыня заверыла яе:
— Я вам звару.
— Ня турбуйцеся, калі ласка.
— Рыгор Міхасевіч прасіў мяне, і я адшукала на рынку нарэдкасьць тлустае куранё…
— Дзякую… Я папрашу вас на пазьней…
— У любы момант, Ліба Шлёмаўна.
Між апошнім сказам і паваротам да выйсьця гаспадыня з хвіліну разглядала прыўстаўшую на ложку Лібу. Спагадлівы ківок яе галавы супярэчыў Лібінаму настрою.
Гаспадыня не зайшла яшчэ ў свой пакой, як Ліба напалову была гатовай адправіцца ў лазарэт.
Наступныя трыццаць хвілін пайшло на тое, каб яна прыбрала пасьцель, напісала цыдульку Рыгору і цішком, няпрыметна для гаспадыні, выйшла з кватэры.
Цёплае надвор’е спакойлівага асеньняга дня абдало яе радасьцю існаваньня. Усё-ж гэтай радасьці не хапала для цьвёрдасьці Лібінай хады. Блытаныя крокі і шолам у галаве сьведчылі за дачаснасьць выйсьця на вуліцу.
Але вяртаць на кватэру — то значыла даць волю сумненьню, і Ліба ўверана накіравала да лазарэта.
Яна задыхалася, паднімаючыся па ўсходах на трэці паверх і з перабоямі адказвала на прывітаньні хворых, сясьцёр і прыслугі. Ордынатару-ж хвалілася выздараўленьнем.
Той гасьцінна сустрэў яе прыход на службу, тым ня меней парадзіў Лібе на першы раз не заседжвацца.
— На сёньня хопіць для вас пары гадзін.
— Я магу, ведаеце…
Аўторытэтны ўзмах ордынатарскай рукі сьведчыў за лішняе спрачацца.
Ліба адказала на гэта нявыразнаю ўхмылкаю на стомленым твары і спакойліва пайшла ў абход палаты.
Яна радасна сустрэла першыя прывітаньні ад паздаравеўшых за апошнія дні хворых. Але не пасьпела выказаць ім свайго спачуваньня, як з суседняй палаты накіраваў да яе якісьці чалавек.