Яна пугліва азірнулася назад.
— Я адчуваю сябе ў сілах падняцца.
Абвіўшая яе стан Рыгорава рука дазволіла яму ўсумніцца ў Лібіных словах.
— Усё-ж, я раджу табе паляжаць сёнешні дзень. У цябе не прайшоў жар… Гаспадыня табе згатуе, што скажаш…
— Навошта было турбаваць чалавека?
— Ня будзь каразьлівай… Лажыся.
Рыгор пачакаў, пакуль Ліба выпаўніла яго просьбу, і сам далікатна апрануў яе да шыі.
— Ты спозьнішся на працу!
— Бягу! Бывай, мілая…
Частыя крокі па пакоі зьліліся з ціхім стукам дзьвярэй. Сьледам бразнула зашчапка ў выхадных дзьверах і гулкі тупат па ўсходах засьведчыў Лібе, што Рыгор пасьпяшыў у завод.
Яна ў роздумах праляжала ня болей таго часу, які патрабаваўся Рыгору на тое, каб дайсьці да заводу. Пасьля задрамала.
Незнаёмы для яе завод з яго экзотычным і разам з тым чарствым ды грозным жыцьцём маляваў у яе мазгох заблытаныя, казачныя сцэны сьненьня. У мігатні агромністых ценяў вырастала нявыразная, туманная постаць Рыгора. Ён на момант рабіўся асяродкам эксцэнтрычнага руху, сьледам, вачавідкі, выростаў у казачнага волата, пасьля раптам зьнікаў. Калі Ліба напружана чакала яго новага зьяўленьня, на заводзе паднімаўся стук і гоман. Было прыметна, як гіганцкі молат апускаўся над гэткім-жа кавадлам. І яксьці выходзіла так, мэрам-бы гэты молат тоўк людзкія галовы. Пасьля зусім незаўважна з туманвае мігатні заводзкае працы выніклі шэрагі людзей у лазарэтных халатах. Знаёмы ордынатар іх гнаў да кавадла…
Што за прымха?
Концэнтрычны, нэрвовы ўздрыг вярнуў Лібу да сапраўднасці.
Яна расплюшчыла вочы і агледзела пакой, — лістападаўскае сонца залаціла яго сьцены і доўгімі шнуркамі расьцягалася па блакітнай коўдры на яе постаці.
— Ну, я-ж чую сябе зусім здаровай!
Ліба сказала гэта не для аднэй сябе — няхай ведае кожны, усе, гаспадыня і Рыгор, раненыя і ордынатар лазарэту.
Так! Уставаць!