— Іначай, ніж тады, калі мы рассталіся.
— Трэба верыць…
Кароткая пауза дала Наталі магчымасьць запытаць Рыгора::
— Жаніўся?
— Не таюся… Запрашаю да сябе…
Рыгор адарваў кавалачак чыстае паперы і хутка падаў яго Наталі.
— Мой адрас. Ня прыдзеш — жонка мяне заклюе. Я ёй многа гаварыў пра цябе.
— Нават да таго прышло? Дазволь табе не паверыць… Ну, што-ж… Жыцьцё, разумееш, плыве, дарогі крыжуюцца…
— Крыжуюцца, а больш блытаюцца… Ці даўно тапталі нагамі прыбраныя вуліцы Рыгі, а гэта… Сапраўды ты замужам?
Яго ўпераны ўзрок на Наталю прыліп да яе пахарашэўшага ў апошнюю хвіліну твару. Калі ён апаў на стол, то якраз трапіў на выпаўшую з адчыненага рыдыкюлю рудую фотографію, дзе задком уверх ляжала рэзвае малое.
— Дазволь павіншаваць! Ты ўсё-ж спрытнейшая ад мяне.
Перад Рыгоравым носам мігнуўся Наталін рыдыкюль.
— Ты ні званьня не зьмяніўся, Рыгор.
Наталя суцешна паглядала на яго праз стол і задаволена ўхмылялася.
— А ўмовы вымагалі многага, — адказаў Рыгор.
— Чаму?
— Як табе сказаць! Давялося шмат чаго перажыць… Матку страціў. Шэраг блізкіх людзей… у тым ліку… цябе…
— Сьмяешся?..
— З чаго-б сьмяяўся, але ня з гэтага.
Сур’ёзная міна пакрыла Наталін твар. Стромкі ўзрок яе адарваўся ад Рыгора і прабег праз канцылярыю, як сонечны зайчык.
— А я не сказала-б, каб ты быў у мяне згубленым…
Апошняе слова замерла ў ціхім шэпце. Але Рыгор яго пачуў, і яго нутро адгукнулася едкім уколам яскравых успамінаў.
Каб ня зьбіцца на сантымэнты, ён перамяніў гутарку, праказаўшы да Наталі:
— Абяцаеш быць у нас вечарам?
— Білет страчу.
— Можна адтэрмінаваць… Хочаш, я сам гэта зраблю.