— Ідзе! — уверыў ён Рыгора, калі той падзякаваў за абяцанку.
У Рыгора ня было падстаў не паверыць свайму бліжэйшаму прынцыпалу, як чалавеку ў гэтым чэснаму, і ён адышоў ад свайго стала з завіхрыўшымі ў галаве плянамі. Выйсьце са становішча наглядалася як найлепшае, абы толькі наперадзе што- кольвечы староньняе не сарвала добрых намераў Стукалкі.
Прынамсі ў даны момант нівошта не намякала на гэта…
Непрагледжаныя паперы з вынятай справы папоўніліся новымі. Яны ўбіралі Рыгораў стол засуцэленым белым абрусом.
Калі ён сеў за ім, то з двух канцоў пацягнуліся да папяровага абруса папэцканыя сіняю фарбаю рэгістратаршыны рукі…
III
— РЫГОР МІХАСЕВІЧ?
Асьцярожлівы і ў той-жа час увераны жаночы голас адцягнуў Рыгора ад папер.
Ён паглядзеў перад сабою і замёр у зьдзіўленьні…
Пры стале стаяла Наталя.
— Наталя?!
Поўны, прыстараны твар, лёгкае рабаценьне каля носу і на носе, спакойліва-анямічны ўзрок і таго-ж настрою ўстаноўка нараджалі сумненьне.
— Няўжо Наталя?!
Рыгор хутчэй падаў ёй крэсла і яшчэ раз упэўніўся:
— Наталя?!
Далёка не ранейшая ўхмылка, як выплаўленая з агня, манлівая і прыцяглая, зараз спакойная і ціхая, засьведчыла Рыгораву здагадку.
— Папрашу садзіцца… А я ўжо думаў…
Трэба было папракаць сябе за тую хвілёвую разгубленасьць, якая выразна адбівалася на няскладнасьці гутаркі.
Наталя пераняла Рыгораву думку нечаканаю трапнасьцю:
— Ты-ж мог мой адрас мець?
— Ня толькі мог, але і хацеў…
— І што-ж таму перашкодзіла?
— Магчыма, што тое, чаму і ты…
— Добра… Ня будзем чапаць мінулага. Кажы, як жывеш?