З надсільнай напружнасьцю, адціснутыя адзін ад другога, выкарабкаліся Рыгор з Паўлам у бок ад струменя людзей й тут-жа абое трапілі на Лібу. Яна ўкорліва заўважыла Паўлу:
— Вы знарок схаваліся ад мяне!
— І ў думках ня было; што вы, Ліба Шлёмаўна!
— Ну, дзе-ж вы згінулі; не пасьпела азірнуцца, як зьнік, мэрам у ваду…
— Мы вас шукалі і звалі…
— Ды я чула, а далей? Аэрапляну збаяліся? Ва-а-як-кі-ж!
— Нас зацёрлі, як у жорны…
— А я на адкрытым месцы прастаяла і хоць-бы што… Дзіўныя людзі, аэраплян на вярсту, а яны наўцёкі…
— Самазахаваньне, — пасьмяяўся Рыгор.
— Пазваць рамізьніка? — запытаў Павал і тут-жа дадаў:
— Але я з вамі не паеду: мне трэба зайсьці ў упраўленьне работамі, да Стукалкі.
— Да Стукалкі? — перапытаў Рыгор.
— Так, гэта загадчык канцылярыі ўпраўленьня… Маю справу… Між іншым, цікавы чалавек… Вось той, што стрэў мяне на вакзале, — растлумачыў Павал Лібе.
— Я маю да яго ліст ад Яўгена Віктаравіча Провава, — паведаміў Рыгор, — які ён ад сябе, гэты Стукалка?
— Высокі, сухарлявы, з рыжаватай францускаю бародкай і доўгімі вострымі вусамі. Косы на галаве маленькім вожыкам, у пэнснэ.
— Ну, выгляд яго плюгавы, — скрывілася Ліба.
— Гэта хіба з жаночага пункту гледжаньня.
— Я-б не сказала, што толькі так…
Двое рамізьнікаў, што падвязьлі да вакзала чатырох офіцэраў, запрапанавалі свае паслугі.
Рыгор уздымам рукі затрымаў аднаго з іх.
— Куды-ж ехаць? — запытаў ён Лібу.
— Да мяне…
— ?
— Чаго-ж дзівішся? Сядай… Праводзьце нас, Павал…
Пакуль яны ўсядаліся, каля іх ачуўся высокага росту, аброслы, як цыган, у зношаным суконным адзеньні чалавек.
— Выбачайце мяне, — абярнуўся ён да ўсіх, углядаючыся ў Рыгора, — я хачу запытаць…