Яны пачалі разглядаць навакол сябе, ды націск задніх пасажыраў не даваў ім спыніцца, адначасна робячы сьцяну між імі і Лібай.
— Толькі што стаяла пры мне. Прынамсі праз яе і я тут апынуўся, а так ня ведаў…
— Ня ведаў?
— Зразумела. Толькі заўчора вярнуўся з командыроўкі… За гэты час, калі цікавішся, я паўрасіі аб’езьдзіў… Ты думаеш, чаму я табе ня пісаў ні слова?..
— Ды я ўжо вастрыў на цябе зубы… Ці ня Ліба вуньдзека? — кіўнуў Рыгор галавою ў бок дзьвярэй, за якімі бачылася белая пляма касынкі…
— Напэўна.
— Ліба Шлёмаўна! — гукнуў Рыгор, адцягнуўшы на сябе з боку вакольных пасажыраў.
Наперадзе паднялася ўгору рука з хусьцінкай.
— Вярні налева!
— Чамадан мяшае…
Павал адвярнуўся ад Рыгора, каб паціснуцца наскасок, як яго рукі, атапырыўшы локці для пракладку дарогі, у момант апусьціліся па швах. Сьцяна людзей, што рухала наперад, раптам таўханулася назад, ажно Рыгор ледзьве ўтрымаўся на нагах.
— Што-а за штукі-ы! — злосна выгукнуў ён.
Яго гук зьнік у многагалосым, успуджаным гомане, які пранёсься над галовамі натоўпу. «А-ан… Пля-ан… рра-а-ра-н» — чуліся ў ім нявыразныя склады страшнага слова.
Хутка гэта слова расшыфроўвалі ўсе, хто застаўся ў будынку вакзала і напалохана чакаў жахлівае хвіліны.
Заспакоеньне прынёс выразны гук стрэлаў, які пачуўся дзесьці недалёка ад вакзала.
На пятым залпе, мэрам па прыказе, натоўп з вясёлымі крыкамі хлынуў з вакзала. Ад націску і замяшаньня некалькі чалавек падмялі пад ногі.
У радасных крыках збавеньня ад няшчасьця, што нёс з сабою аэроплян, выпукляліся балючыя енкі прыдаўленых. На іх ніхто не зважаў, ужо на першым кроку за парогам дзьвярэй задзіраючы голаў угору.