З усходцаў адзін з салдат зацікаўлена паглядзеў на Рыгора і зьлёгку засьмяяўся. Рыгора гэта заінтрыгавала, ды ён нічым не пасьпеў рэагаваць, бо тут-жа выскачыў з вагону Павал.
— Без дзесяці хвілін. Месцы выпалі пры акне.
— З добрымі суседзямі?
— Пагодзімся…
Яны няўверана прайшлі сажняў два наперад, пасьля вярнуліся назад на старое месца.
У вагоне пачуўся ўзмоцнены гоман.
— Пойдам займаць месцы. Бывайце-э, Ліба Шлёмаўна! Не ўспамінайце-э ліхам…
Хіба з сумам на твары разьвіталася з абодвымі і адшылася ў бок з гэткім намерам, каб бачыць, як яны будуць ад’яжджаць.
У цёмным акне вагону мігаліся людзі, толькі ні Рыгора, ні Паўла ня відаць было.
«Няўжо не паладзеце?»
— Царскі, царскі! — раптам вылецела з дзесяткаў вуснаў наўкола Лібы.
І яна ўгледзела, як раптам гуляўшая на пэроне публіка пазгушчалася між сцэпак вагонаў, пільна гледзячы ў бок царскага пэрону.
У надышоўшай маўчанцы выразна чуліся распарадчыя выгукі і наглядалася мігатня людзкіх сылуэтаў за малочным шклом сьценкі.
Лібу прыціснулі да ўсходцаў вагону. Але яна ў момант выкаўзнула з натоўпу і апынулася перад адчыненым акном вагону. Каля яго стаялі поруч Рыгор з Паўлам і старэнна маталі ў бок Лібы разгорнутымі хусьцінкамі.
На фоне Лібінай касынкі аднакава выдзяліліся і паружавеўшы дзяўчынін твар і чырвоны крыж.
«Шчасьлівае дарогі, шчасьлівае дарогі!» — разгорнена шапталі яе губы, зложаныя ў маленькае, чулае сэрца.