нязьлічаных труб Выбарскіх ды Охтэнскіх заводаў — налева. Гэта хараство паўночнае пальміры прыкоўвала да сябе ягоную ўвагу і ўплывала на яго настрой маладым задзёрам.
У заглядзеньні ён не заўважыў, як каняка апынулася пасярэдзіце мосту і ад тузаніны лейцамі — шпарка паняслася да Марсавага поля…
Тым-жа тэмпам яны праехалі і дарогу да вакзалу.
Рыгор паглядзеў на гадзіньнік. Яшчэ аставалася дваццаць восем хвілін да адходу цягніка. У гэты тэрмін уваходзіла знайсьці Паўла Памыйку і, магчыма, калі той не пасьпеў гэтага, купіць білеты.
Адпусьціўшы рамізьніка, Рыгор ускоранай хадою накіраваў да правых дзьвярэй вакзалу. Ён вёртка абмінаў сустрэчных і моўчкі ўвільваў ад назойлівых насільшчыкаў.
Разьзіраючы па бакох, ён ужо быў на ўсходах на другі паверх, калі з першае клясы насустрэч яму выбегла Ліба.
Белая касынка пракалола яго нутро нечаканай радасьцю.
— Нарэшце! — праказала сястра, разьняўшы стройныя рукі: — а мы чакаем, а мы трывожымся.
— А білеты?.. Вы з Паўлам?
— Так, ён чакае вас.
— Пэўна яшчэ ня позна?
— Ды ўжо садзяцца.
Хіба выхапіла з Рыгоравых рук пакунак і яны сьпешна ўбеглі ў перапоўненую людзьмі залю-пачакальню.
Павал іх пільнаваў і ня даў заходзіць у натоўп, павярнуўшы да выйсьця.
— Вось вашы білеты; Лібе пэронны.
Прайшоўшы на зацемнены шкляным навесам пэрон, Павал панёс у вагон рэчы, а Рыгор з Лібаю асталіся пры вагоне.
— Вы ведаеце, Рыгор, і мяне выпраўляюць ехаць… Паеду на фронт — болей у шпіталі не магу аставацца…
— Іначай нельга? Дык калі-ж загадаеце прыйсьці вас сустракаць?
— Скора. Паведамлю, зразумела.
Між іх мігнулася трое салдат, уподбежкі шмыгнуўшых у «іх» вагон.