апошняга застаўляла Рыгора знаходзіць шэраг лёканічных адказаў.
— Вы наводзіце сум сваім зацяглым чытаньнем, таварыш, — кончыўшы з гарбатаю, закінуў Рыме Якаў Гіс.
Тая не адказала.
— Ваша таварышка ня ў гуморы, — паслаў ён рэпліку да Пятруся.
— Рыма, то пра цябе гутарка, — палажыўшы на яе плечы руку, на вуха сказаў Пятрусь.
— А пра цябе во, пісаньне, маеш?
Рыма раптам паднялася з крэсла, і, не адвяртаючыся ад Пятруся, падала яму чытаную паперку.
— Маеш уклон…
Рыгор настарожана глядзеў на Рыму, чакаючы моманту падыйсьці да яе і разагнаць абдаўшы яе настрой.
Анікей утароплена глядзеў праз акно на мігаўшы воддалі ліхтар.
Якаў Гіс разглядаў залаты надпіс фірмы на цыгарцы, раз-по-разу падносячы яе да губ.
— У чым справа?
— Справа ў Гэлі, нябось, памятаеш?
Дзяўчына нэрвова стала перабіраць складзеную на ложку адзежу.
— Рыма, я прашу вас…
Рыгор пераняў яе ад ложку, і, паказваючы на крэсла, папрасіў:
— Яшчэ ня позна, куды вам сьпяшацца. Гэта-ж не далёка…
— Што сталася з Гэляю? — перабіў Пятрусь. — Яна скончыла самагубствам?! Рыгор?!
Анікей моўчкі адзеўся і павярнуўся да дзьвярэй. Якаў Гіс зьнімаў са сьцяны паліто.
У гэты момант гучнае прывітаньне, праказанае ў дзьвярах, адцягнула на сябе агульную ўвагу.
У пакоі стаяў Сідар Пералаз.
V
— ТЫ ДА МЯНЕ?
Рыгор спыніўся ў варотцах брамы і пільна паглядзеў на Пятруся.