— Дзе цесна, там пацешна, — увіхаючыся з трыма крэсламі са сталом і адзежаю, некалькі раз пераказаў Рыгор. — А хоць-бы жанчыне даць дарогу.
— Ня турбуйцеся за мяне.
— Як-жа, вы сярод нас адна.
— Ды тая лішняя… Я думала…
— Позна думаць, — пераняў яе Пятрусь.
— Давайце лепш гутарыць, чымся думаць, — пажартаваў Якаў Гіс.
Ён пільна ўглядаўся на Рыму. Прадстаўнічы ростам, з чорнымі вострымі вачмі з-пад рэшата чарнільных кос, ён улічваў уражаньне, наданае сабою дзяўчыне і лавіў яе ўкрадчывыя ўзрокі.
— Хто не за гэта. Ха-ха-ха! — рэзва адказала Рыма і першай уселася пры стале. Хлопцы яе пакінулі п’ючы гарбату і сабралі сваю ўвагу вакол Пятруся, які ў гэты момант пісаў Рыгору свой маскоўскі адрас.
— Я маю добрае месца, нечага сказаць, — аддаючы таварышу візытку, казаў Пятрусь. — Служба спакойная і заработак ня дрэнны. У кожны момант знайду магчымасьць дапамагчы… любому з вас…
— А з усім тым, што датыркала формальнасьцяй знадворнага характару, ты ўжо пасьпеў уладзіць?
— Ха-ха-ха! Мая прысутнасьць у цябе засьведчвае тое. Пятрусь Кандратаў Папяровіч, дазвольце-э…
Пятрусь не дасказаў, палічыўшы сваю разьвязнасьць залішняй.
Рыгор паглядзеў пазьменна на Анікея ды на Якава Гіса і зьвярнуўся да ўсіх:
— Ну, Рыма выгадала лепей нас усіх… Хоць па чарзе выпеце гарбаты…
— Выйграла, бо, пакуль вы сабраліся піць, я выкарыстала гарачую гарбату…
Яна не дасказала, накіраваўшы сваю ўвагу на разгорнуты лісток паперы, які хутка прынялася чытаць.
Рыгор скеміў, што Рыма трапіла на Гэлін ліст і прагна сачыў за выразам яе твару. Перакідаючыся сказамі з таварышамі, ён з хвіліны-на-хвіліну чакаў яе запытаньня. Несьвядомасьць