ча… «Няўжо такі Рыгор?..» бліснула ў Ганьніннай галаве запытаньне і раптам абарвалася.
Ізноў званілі. Ганна борзда пабегла адчыніць.
Засопшыся, перад дзьвярыма стаяў расчырванеўшы на марозе Лука Дарафеіч. Ганна зусім была забылася пра яго — а гэта якраз тварам да твару.
— Калі ласка!
Той праз парог працягнуў аголеную з пярчаткі руку і нізка схінуўся перад Ганнаю.
— Зіма ў поўным разгары… Вы адны?
— Ня бойцеся, калі і ўдваіх…
— Ужо?
У пакоі Ганна пазнаёміла Луку Дарафеіча з Рыгорам.
Абое нейкі час памаўчалі, аглядаючы адзін другога; пасьля слова за словам узьнялі гарачую гутарку пра сучаснае становішча. Лука Дарафеіч пачаў скардзіцца на дарагоўлю мяса і круп, на перабоі ў апале. Усю віну ён ускладаў на дзеячоў гарадзкое думы і мясных гандляроў. Лука Дарафеіч выглядаў у іх зломысьнікаў і шкоднікаў грамадзкай справы. Апошняя заключалася, па-ягонаму, у адзінай мэце — перамозе ворага Расіі, прускага юнкера.
Рыгор спрабаваў перасунуць спрэчку на больш шырокія рэйкі, закранаючы агульныя прычыны соцыяльнае несправядлівасьці і бязладзіцы пануючага стану. Гэтае, аднак, ня ўспрымалася Лукою Дарафеічам. Тады Рыгор перамяніў тэму гутаркі, звузіўшы яе да будзённых мотываў.
Ганна перш дзесьці выйшла з пакою і мо’ з паўгадзіны адсутнічала. Вярнуўшыся, яна ўставіла некалькі сваіх заўваг, і сьледам за апошняй заўвагай крута абарвала абоіх.
— Адзінаццатая гадзіна, а Камаровых усё яшчэ няма.
— Марозу баяцца, — адказаў Лука Дарафеіч.
— А бяз іх мы ня сумеем спаткаць новы год? — пасьмяяўся Рыгор.
— У большай кампаньні весялей…
— Нават?
— Ды я гатавалася дзеля ўсіх…
— Нічога не парадзіш…
Ганна прачыніла дзьверы і паслухала. У кватэры і за дзьвярыма было ціха.