пасьцель і паправіла накідку на падушках. Далей пачала прыбірацца.
Кожны стук у калідоры і за дзьвярыма, на ўсходах, яе нэрвавалі. Час бег няўтрымна, а процэс чаканьня гэткі цікавы! Ганна нічога ня мела-б, каб ён працягнуўся надалей… Але разам з гэтым ёй прыкра было думаць, каб закліканыя ня прыйшлі.
Вось перад ёю мігнулі: Рыгор, Лука Дарафеіч, Міхась Камар… ізноў яна глянула на прыгатаваную вячэру. Яе ўражаньне перабіў зычны званок. Ганна кінулася да дзьвярэй і пачула гаспадынін голас:
— Дома, направа першыя дзьверы.
Сьледам да яе пастукалі.
— Прашу вас, — пазвала Ганна і адчыніла пакой.
— Я раньні госьць, выбачайце мне, — праказаў Рыгор.
— Яшчэ-б чаго не хапала… Бяры крэсла… А я думала, што можа ты забудзеш і не наведаеш.
— Гм! Якія дзіўныя ў цябе думкі.
Рыгор распрануўся і пацёр рукі.
— Вось марозік — дык марозік! Бедныя салдаты — трэба-ж ім цярпець у акопах.
— Праўда, горкая праўда… Цярпяць, а завошта?
Ганна раз-по-разу паглядала на стол, сочучы за Рыгорам. Той-жа тупаў на малюткай плошчы паміж сталом і дзьвярыма і паахківаў.
— Зіма бярэ сваё…
— А я, ведаеш, Рыгор, што надумала?..
Ганна пытальна зазірнула Рыгору ў вочы.
— Што?
— Пайсьці ў сёстры… Тут нас некалькі чалавек і я з імі… Мне хочацца памагчы няшчасным салдатам… Хоць чымсь-кольвечы памагчы… Як ты думаеш? Твая думка будзе мне…
Ганна не даказала, мэрам-бы збаяўшыся выказваць свае намеры.
— Як табе сказаць… Мне шкада цябе… Я-б не хацеў з табою расставацца… Усё-ж, Ганна, ты сама над сабою пан…
Яна задумалася. І прыгатаваны стол, і спатканьне гасьцей, і перадновагодні настрой — усё гэта на момант зьнікла дзесьці, затулілася Рыгоравым выглядам. Ганнаю апанавала пачуцьцё шэрае нявыразнасьці, тупое і бязвыходнае. У гэтым пачуцьці расплылася за апошні час набліжаная да яе істота Лукі Дарафеі-