Рыгор не пасьпеў падняць рукі, як Ганна выбегла на калідор і пазвала:
— Сюды, Рыгор… с-сюд…
Яе голас перацялі спазмы…
— Добры вечар… Неўпару?
У драбнюткай каморцы, дасьціпна прыбранай, усё-ж беднай на выгляд, пры акне сядзеў якісьці мужчына. Не разглядаючы яго, а шукаючы, дзе-б палажыць шапку, Рыгор падышоў да малюпаткага століку, з падстаўнікам для кветак.
— Магчыма паперашкодзіў? — ня гледзячы на Ганну, запытаў ён.
— Кінь, што з табою, Рыгор?.. Сядай, вось, і будзь, як у дому… Мне сорамна, што я нічога… Хіба пачакай, а я мігам зьбегаю…
— Ганна, ты…
Рыгору, аднак, хацелася есьці, і здорава. Гэта ён адчуў, калі зьлез з трамваю. Ён хапіўся, — бач, дарэмным быў яго намер перапыніць Ганну.
— Ты, вось, пазнайся з таварышом і пасядзеце ўдваіх.
Рыгор міжвольна абярнуўся да акна і ўгледзеўся ў твар Ганьнінага знаёмага.
— Не пазнаеш? — запытала Ганна.
— Не.
— Артура Цьвібеля? — праказаў той.
Рыгор утаперыўся вачмі ў адну кропку і праказаў:
— З Рыгі? Ведаю!
— Помніш сходку і… Наталю?
Рыгор падняўся з месца і падышоў да чалавека з працягнутаю рукою. Ужо ён яскрава бачыў перад сабою перапоўнены людзьмі пакой. Наталін вобраз уклініўся між яго і Артуравымі вачмі.
— Але, якім-жа чынам? Ганна?
Стук дзьвярэй, за якімі Ганна схавалася, быў адказам на Рыгоравы словы.
— Я з Ганнаю толькі тыдзень таму як пазнаўся. І дзе, і як — проста цікава… Мая жонка працуе разам з ёю ў экспэдыцыі. Я, аднойчы, зайшоў да яе, а тая вазьмі і зьвядзі мяне з Ганнаю. Разгаварыліся — і выявілася, што абое з Рыгі… Калі-ж кранулі рыскага жыцьця, знаёмых, так першым чынам — абое ўзьбіліся