— Бацька твой, тут? — зьдзівіўся Рыгор.
— Прыехаў са мною…
— Ёсьць справы?
— Так… бачыш, мы немцы, як табе вядома, а цяпер…
Пад’ехаў трамвай і ня даў дагаварыць Рудольфу.
Рыгор ужо з пляцоўкі вагона запытаў рудольфавага адрасу і толькі пасьпеў улавіць: «Дзесятая лінія»…
Зьнятая для разьвітаньня шапка адгарадзіла ад яго вушшу нумары дому і кватэры. І тут якраз ён успомніў, што забыўся запытаць пра лёс адданага яму Паўла Памыйкі.
IV
ПАДВЕШАНЫ над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна.
Рыгор узышоў на ганак параднага ўходу, каб паглядзець кватэру. Яе над дзьвярыма ня значылася — стаялі чотныя лічбы, а Ганна жыла ў кватэры 35. Трэба было ісьці ў двор і там шукаць. Рыгор накіраваў у прачыненыя варотцы брамы.
— Вы да каго? — спыніў яго чыйсьці голас.
То быў дворнік, прытуліўшыся да цёмнае сьцяны і не заўважаны Рыгорам.
— Я ў кватэру нумар 35. Скажэце, дзе яна?
— Направа, чацьверты атаж…
— Дзякую.
На ўсходах Рыгор раптам спыніўся і сам сабе запытаў — ісьці?
Ня даўшы адказу, рашуча пайшоў угору. Не заўважыў, калі зьлева глянула на яго вядомая лічба.
— Не чакае, зразумела, — падумаў Рыгор і пазваніў.
Шагі, што застукалі па той бок дзьвярэй, не дазволілі думаць. Хутка ў дзьверы прасунулася бабуліна галава і запытала:
— Вам каго?
— Мне Ганну Завіру, яна дома?
— Уваходзьце. Направа другія дзьверы. Пастукайце — у яе хтосьці ёсьць…
Цёмны калідор узьбіў Рыгора на нейкую шафу. Ён папрасіў убачэньня і пачуў ззаду сябе:
— Стукайце.