Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Россией». Але яны вучыліся ў рускіх школах і ўзгадаваліся на паняцьцях рускай офіцыяльнай культуры й політыкі. Беларусь для іх—гэта адна з ускраін Расіі, іначай кажучы—«Северо-Западный край Россійской империи», а беларусы—«русское население Северо-Западного края».

Ня гледзячы на гэта, вучоныя вялікарускага тыпу сабралі шмат матар’ялаў і пачалі апрацоўку сабраных матар'ялаў.

У 1866 годзе ў Вільні зьяўляецца «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае», апрацованы Гільтэбрандам. Тут зьмешчана 300 песень, 150 пагаворах і 50 загадак. Дагэтуль у такім вялікім ліку навуковага зьбіраньня матар'ялаў аб Беларусі ня было. Матар'ялы для кніг зьбіраліся вучнямі Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі. Яны разьяжджаліся на вакацыі па сваіх хатах, раскіданых па глухіх куткох Беларусі і там, на мясцох, зьбіралі народныя творы і перадавалі іх Гільтэбранду. Яны вельмі падыходзілі для справы, бо добра ведалі мову і звычаі глухой вёскі; апроч таго, ім, яшчэ не адарваным ад сялянства, вёска ахвотна адчыняла крыніцы сваёй творчасьці, каторыя звычайна зачыняюцца перад тымі, хто носіць панскую вопратку. Але трэба прызнацца, што праца маладых зьбірацеляў папала ў рукі ня надта здольнага рэдактара. Атрымаўшы добрыя матар'ялы, пачаў ён іх перапраўляць, падпраўляць і адмалёўваць, каб яны лепш выглядалі для «культурнай» публікі. Іначай кажучы, ён пачаў стары залаты чырвонец шараваць цэглаю.