Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тлумачэньні выходзіла, што Беларусь не павінна ўваходзіць у склад Расійскай імпэрыі. Рускім вучоным заставалася задаць сабе мэту — пазнаць Беларусь і давесьці, што гэта краіна ёсьць частка Расіі. Яны, адным словам, узялі на сабе абавязак разьвіваць далей працу ранейшых рускіх вучоных.

Апроч вучоных, пачынае цікавіцца Беларусьсю і рускае грамадзянства. У Маскве выходзіць славянафільская газэта «День», каторая даволі многа месца адводзіць польскаму пытаньню, закранаючы паралельна і беларускае пытаньне. Тут пішуць—Каткоў, І. Аксакаў, Гільфэрдынг, Еленеў і інш. У вадным з нумароў газэты мы чытаем: «Мы вінаваты перад вамі (беларусамі). Мы, рускае грамадзянства, як-бы забыліся аб існаваньні Беларусі». Гэтая, між іншым, кінутая фраза вельмі тыповая і цікавая. Мы добра разумеем, як гэта здарылася, што рускае грамадзянства амаль што забылася аб Беларусі, а польскаму грамадзянству нават і ўначы сьнілася Беларусь. Прычына гэтаму экономінная і разам з тым політычная. Палякі ў свае часы згубілі Беларусь і хацелі, прыступаючы ў 1863 годзе зноў да адбудаваньня Польшчы, атрымаць тое, што лічылі сваім і без чаго адноўленая Польшча ня была-б моцнаю. Што датычыць да Расіі, то яна ня згубіла, а набыла Беларусь, каторая была для імпэрыі каштоўным, смачным кавалкам. Дзякуючы сваёй ваеннай моцы, яна была спакойная, не ажытавалася і не непакоілася. Яна грамчэй загаварыла аб Беларусі толькі тады, калі вынікла раней адно паўстаньне, а потым другое, калі Польшча, што прагнула адрадзіцца, заявіла на Беларусь свае прэтэнзіі. Рускія вучоныя і публіцыстыя ўспомнілі аб Беларусі і пачалі, асабліва пасьля другога паўстаньня, падыходзіць да яе з навуковымі сваімі мэтодамі ўсё шчыльней і шчыльней. Падыходзілі яны амаль што заўсёды выключна з навукова-дасьледчага боку яшчэ й затым, што другія шляхі падколу былі забаронены расійскім самаўладзтвам, каторае ня любіла, каб у політыку ўмешваліся людзі, што не належалі да ўрадавых кругоў.

Праўда, у Маскве зьявілася думка падыйсьці да Беларусі больш прыватна. Там хацелі нават выдаваць газэту ў беларускай мове, каторая павінна была заняцца ня толькі культурна-навуковым аглядам Беларусі, але й разглядам беларускага пытаньня. Але гэтая думка аб беларускай газэце павінна была зьнікнуць сама сабой пасьля таго, як рускі ўрад абвясьціў у 1867 годзе, што друк у беларускай мове забараняецца.

Вялікарускія вучоныя, як мы ўжо вызначылі вышэй, узялі для свайго разгляду сьцісла навуковыя тэмы па этнографіі, географіі і гісторыі Беларусі. Яны найчасьцей зьяўляюцца ўраджэнцамі Беларусі й Украіны, у чым хаваецца іх індывідуальная зацікаўленасьць «Западной