Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пабудаванага на беразе балоцістай рэчкі Расеты, упершыню я ўбачыў Палессе. Доўгімі суцэльнымі ўступамі разбягаліся перада мною сінеючыя грамады хвойнага лесу; сям-там толькі стракацелі зялёнымі плямамі невялікія бярозавыя гаі: увесь кругазор быў ахоплен борам; нідзе не бялела царква, не святлелі палі — усё дрэвы ды дрэвы, усё зубчатыя верхавіны і тонкі, цьмяны туман, вечны туман Палесся вісеў у далечыні над імі. Не лянотаю, гэтай нерухомасцю жыцця, не, адсутнасцю жыцця, нечым мёртвым, хоць і велічным, веяла мне з усіх краёў небасхілу; памятаю, вялікія белыя хмары плылі міма, ціха і высока, і гарачы летні дзень ляжаў нерухома на маўклівай зямлі. Чырванаватая вада ракі слізгала без плёску паміж густымі чаротамі; на дне яе смутна віднеліся круглыя ўзгорачкі іглістага моху, а берагі то знікалі ў балотнай ціне, то рэзка бялелі рассыпчатым дробным пяском. Міма самага дворыка ішла павятовая, утоптаная дарога.

На гэтай дарозе, проста насупраць ганка, стаяў воз, нагружаны карабамі і скрынкамі. Уласнік яго — хударлявы мешчанін з ястрабіным носам і мышынымі вочкамі, згорблены і кульгавы, запрагаў у яго свайго, таксама кульгавага, коніка, гэта быў гандляр пернікамі, які прабіраўся на Карачэўскі кірмаш. Раптам паказалася па дарозе некалькі людзей; за імі пацягнуліся другія… нарэшце, паваліў цэлы натоўп; ва ўсіх былі палкі ў руках і клункі за плячыма. Па іх хадзе, стомленай і развалістай, па загарэлых тварах відаць было, што яны ішлі здалёку; гэта юхнаўцы, капачы, вярталіся з заработкаў. Стары гадоў сямідзесяці, увесь белы, здавалася, верхаводзіў імі; ён зрэдку паварачваўся назад і спакойным голасам падганяў адстаючых. «Но, но, но, хлопцы, — гаварыў ён: — но-о». Усе яны ішлі моўчкі, у нейкай важнай цішыні. Адзін вось толькі, нізкага росту і з выгляду злосны, у расхлістаным кажуху, у авечай шапцы, насунутай на самыя вочы, параўнаўшыся з гандляром пернікаў, раптам запытаўся ў яго:

— Колькі каштуе пернік, штукар?

— Гледзячы які пернік, ласкавы чалавек, — запярэчыў тонкім галаском азадачаны гандляр. — Ёсць і па капейцы, а то і грош даць трэба. А ці ёсць грош ў кашальку?

— Ды ад яго, бадай, у жываце прасалодзіць, — запярэчыў кажух і адышоў ад воза.

— Паспяшайце, хлопцы, паспяшайце! — пачуўся голас старога: — да начлега далёка.

— Неадукаваны народ, — прагаварыў, скоса зірнуўшы на